○ Чарнасоценная жыла (інд.-аўт.) – рэакцыянер. Параўняўшыся з будынкам валаснога праўлення, ён [Лабановіч] зняважліва зірнуў на вокны кватэры пісара і сказаў у думках па яго адрасу: – Эх ты, чарнасоценная жыла! (Я. Колас. На ростанях – Зб. тв. у 12 т., IX, 412).
Чарнасоценства н. Ідэалогія чарнасоценцаў; рэакцыйнасць і шавінізм. Лабановіч стаў за стол і пачаў пісаць невялічкае апавяданне, вельмі памяркоўнае, не было ў ім рэвалюцыйнасці, але не мела яно і нічога агульнага з чарнасоценствам (Я. Колас – ТСБМ, V, 299).
Чарнедзя ж. Від качак. [Ігар]: О Доньча! Не мала вялічча табе, што ... сцярог на вадзе яго [князя] гогалем, чайкамі на ручаях, чарнедзямі на ветрах (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 246).
Δ Качка-чарнедзя: Ды качкай-чарнедзяй на ветрах шумлівых Паказываў сцежку і вёў (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 277).
Чарнец м. Манах. У нас Святую біблію чытае Святы чарнец і навучае (Я. Купала. Каўказ – Зб. тв., V, 490). Але не надта цягнецца да вучэння Андрэй – бачыў аднойчы, як грэбліва раскідаў той васковыя дошчачкі, пісалы, як замаруджана, каб пазлаваць чарняца Вавілу, мачаў ён гусінае пяро ў чарніліцу і раптам пляснуў чарнілам на ягоныя рукі (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 552). – Навошта ж ён зрабіў чарняцом твайго брата, князя Васільку? (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 28).
Δ Чарнец-летапісец: ..і не гаворыць пра маркоты яе [Рагнеды] адзінокага жыцця чарнец-летапісец дзеля большай славы праваслаўнай царквы, у якой Рагнеда лічыцца першай на Русі манашкай (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 7).
Чарніца, ж. да чарнец. Манашка. Чарніца Горка, без надзеі Зажурылася (Я. Купала. Гайдамакі – Зб. тв., V, 470). А чарніца памаліцца у храм падыбала (там жа, 472). – Шкада мне цябе, – сказаў Дабрыня, – ды ты сама выбірала. Загадана князем: калі не замуж, дык у чарніцы... (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 84). Яна [Рагнеда] чула, што цяпер яна не княгіня, няма ў яе дзяцей, яна чарніца (там жа). Не знойдзецца жаніх – ісці ёй чарніцаю ў святы манастыр (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 88).
Чарэсня [польск.] ж. Чарэшня. Не для нас, не для нас распускаецца Гэты сад, гэта вішня, чарэсня (Я. Купала. Не для нас... – Зб. тв., III, 152). Сон злятае з павек, болю цішыцца стогн, Не шумяць ясакары, чарэсні (Я. Купала. Курган – Зб. тв., V, 73).
Чата [ст.-бел. чата, чета – вартаўнічы атрад; польск. czata < венг. czata] ж. Разведка, дазор. За адну-дзве вярсты паперадзе дружыны ішла чата на самых хутканогіх конях (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 43).
87 👁