Ачолены, дзеепрым. Узначалены. ..і пакаціў маленькі абоз, ачолены маўклівым Бедавеем, да дняпроўскай прыстані (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 60).
Ачольнік м. Камандзір. Іхні ачольнік нецярпліва і ўжо з пагрозай запытаўся: «Хто такія?» (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 160). Скарыстаўшы перапынак, вялікі князь сабраў князёў, намеснікаў, усіх палкавых ачольнікаў (там жа, 370). ..над усімі, нават над Дабрынем, ён галоўны – яе сын, юны князь крывіцкай зямлі, новы ачольнік і адраджальнік полацкага роду... (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 85).
Ачыншаваць незак. Баршчыну замяніць чыншам. Услед пасля гэтага бацька мой прабаваў ачыншаваць сваю вёску Бубноўку .. хаця гэта спярша не аказалася практычным (А. Абуховіч. Мемуары – Зан., 518).
Б
Баба ж. (разм.). Тое, што бабка. За бабу была Аўдоцця, а за куму Настулька (К. Крапіва – ТСБМ, I, 318).
Бабка ж. Жанчына, якая прымае дзяцей у час родаў. Ёсць аптэка, акушэрка – Служыць, ну за бабку (Я. Купала. Над ракой Арэсай – Зб. тв., V, 196).
◊ Пачакай радзіць, дай па бабку схадзіць (фалькл.).
Бабралоў (баброўнік) м. Асоба, якая займалася адловам і доглядам баброў. Сюды бралі не ўсіх, а найперш наглядчыкаў за пажарамі і свавольствамі, сакольнічых, бабраловаў (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ, 117).
Баброўнік м. Чалавек, які даглядае баброў і займаецца іх адловам. Прафесія баброўніка перадавалася з пакалення ў пакаленне (В. Вольскі – ТСБМ, I, 320). I сустрэліся сяляне з баброўнікам (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 181). Сотнік загадаў прывесці баброўніка (там жа).
Бабушы мн., адз. бабуша, ж. Пантофлі без заднікаў. У бабушах тут [у Тэтуане] ходзяць амаль усе. Дзіўна, як гэтыя вялізныя пантофлі не падаюць з ног (В. Вольскі – ТСБМ, I, 320).
Бабыль м. Беззямельны селянін. Бывай жа, хата, добры час! I ў свет пайшоў бабыль рухавы (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 11). Такой лісліваю прымоўкай Сустрэў пан Богут бабыля, Каб акруціць сваёй вяроўкай (там жа, 40).
Багадзельня ж. У дарэвалюцыйны час – прытулак для бяздомных, інвалідаў, непрацаздольных. Хадзіць [бацьку з сынам] давялося доўга. Аглядалі бровар і здалёк – багадзельню (У. Караткевіч – ТСБМ, I, 321).
79 👁