Старонка 52
◀ / 658 ▶
Ахабень [ст.-руск. охабень] м. Верхняя доўгая адзежына з прарэхамі пад рукавамі і з чатырохвугольным адкідным каўняром; каптан. Атрад воінаў з баявымі сякерамі, у наглуха зашпіленых чырвоных ахабенях абкружаў Алёшку і маладых (В. Іпатава. Гул далёкіх стагоддзяў – Пр., 227). Ахвіцяліста [польск. oficjalista] м. Слуга, лакей, чыноўнік. Пры добрым Барысу, у палацы, пякарні Ахвіцялістых – вось сабак у псярні! Усе рады князю праўдаю служыць, Для яго ў дзеле жыццём налажыць (В. Дунін-Марцінкевіч. Травіца брат-сястрыца – Тв., 335). Ахвярнік м. У старажытнасці – месца для прынашэння ахвяр. Мабыць зноў памыліўся ў нечым, ліючы віно на ахвярнік, галоўны жрэц, зноў не знайшоў ён патрэбнага слова ці інтанацыі, якая б супакоіла дзядоў (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 353). Ахмістрыня, вахмістрыня і хмістрыня ж. Жанчына ў панскім двары, якая распараджалася хатняй гаспадаркай і мела ключы ад прадуктаў; аканомка. [Сцяпан]: А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым... з гэтым бязбожнікам (Я. Купала. Паўлінка – Зб. тв., VI, 195). [Дзёмка]: Не, сягоння ахмістрыні Я прынёс з двара грыбкі (Г. Марцінкевіч. Адвячорак – Зан., 79). У Галавача была ахмістрыня, якая яму страшэнна надакучыла і якую трэба было аддаць замуж не марудзячы (К. Чорны – ТСБМ, I, 308). Але спачатку папрацуем на гардэробе разам з ахмістрыняй (В. Іпатава. Чорная княгіня – МХ, 270). А назаўтра з раніцы пачала работу – седзячы пры гардэробнай, запісвала ўслед за ахмістрыняй (там жа). [Дзед Даніла]: Ня люблю я псярні панскай, Палупанкаў, ахмістрынь (Я. Колас. Сымон Музыка – СМ, 147). ..тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру (У. Караткевіч. Дзікае паляванне караля Стаха – ЗБК, 200). – А ты, Юлька, збегай да Каранеўскіх, няхай ахмістрыню прышлюць... (У. Ліпскі. Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 21). Даў прыказы коману, войтам і гуменным, Пісарам, ахмістрыні, стральцам і стаенным, Далей з падзённікамі сумеў расшчытацца, Урэшце сказаў вознаму, што хоча праспацца (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 448). Не жыў біскуп нявіннікам. Але ж то нейкія вахмістрыні, халопкі... А яму так захацелася прытуліць вось такую красуню-князёўну (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 41). Няма чаго казаці! – Дабродзей, хмістрыня, Войску не ймелі веры у такой навіне (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш –Тв., 466). Ахранка ж. (разм.). Орган тайнага паліцэйскага нагляду. Рукапісы мае [Купалы] ў Вільні ў «Нашай ніве» была захапіла ахранка (Я. Купала. Да Я. Ф. Карскага – Зб. тв., VII, 475).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
82 👁
◀ / 658 ▶