у 5 т., I, 131). Лес, як вялізная губка, набух, наліўся чорным атрамантам (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 33).
Атрамантавы, прым. Чарнільны. Нунцый сядзіць у сваім кабінеце за сталом з багатым атрамантавым прыборам (У. Арлоў. Місія папскага нунцыя – МКГ, 184).
Атрамэнта ж. Тое, што атрамант. Змачу пёрка ў атрамэнту Ды як чыркну на паперы (Я. Купала. Змачу пёрка... – Зб. тв., I, 230).
Атрафіць [ад трэф – ст.-яўр. terējā – нячыстая яда; недазволеная іудзейскай рэлігіяй страва] зак. Апаганіць. Пачуўшы слова «сала», Меер заткнуў вушы і адвярнуўся да сцяны, каб не атрафіць малітву... (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 124).
Аўвул м. Аул (паселішча на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі). Чыноўнікі партыйнага апарату.. разьязджаюцца па хвабрыках, заводах, шахтах, сёлах, вёсках і аўвулах (М. Цэлеш. «Янка сеяў – людзі жалі» – ХБ, 117).
Аўгуст м. Тытул рымскіх і германскіх імператараў. // Асоба, якая мела гэты тытул. Скарга вось ужо два тыдні ляжыць ў этэрыярха, і сёння на прыёме ў Палацы ён расказваў пра гэта аўгусту (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 204).
Аўгур [лац. augur] м. Старажытнарымскі жрэц, які тлумачыў волю багоў па шчабятанні і палёце птушак. // перан. Чалавек, якому расказалі асаблівыя тайны. Насцярожанасць супраць Зелянога трывала яшчэ і таму, што той часам кідаў – з вока на вока – надта ліберальныя думкі, нібы запісваў да сябе ў аўгуры: мы, маўляў, людзі свае і можам пагаварыць пра ўсё «не чинясь» (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 357). Зноў пачалася «размова аўгураў» (там жа).
Аўкштайты мн. Плямёны, якія жылі ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснай Літвы. Гэты націск занепакоіў прускія плямёны, земгалаў, латгалаў, ліваў, эстаў, аўкштайтаў, жамойцаў, яцвягаў, ён хвалюе Полацк і Ноўгарад (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ, 84).
Аўрэоля [фр. auréole, ад лац. aureolus – пазалочаны] ж. Арэол. На адным баку мэдалю быў зьмеявік, а на другім – Дзева Сонца, у постаці птаха зь людзкой галавой, абкружанай аўрэоляй (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 78).
Аўстэрыя [польск. з іт.] ж. Заезны дом, карчма. [Ян]: У Францыі кожная аўстэрыя, як палац! У кожнай чалавек, як у раі! (В. Дунін-Марцінкевіч. Ідылія – Тв., 33).
Аўтадафе [парт.] н. Пакаранне смерцю на агні. «Аўтадафе! Аўтадафе!..» – Гуртам заравелі (Я. Колас. Ерэтык – Зб. тв. у 14 т., X, 536).
Афяра ж. Ахвяра. Ён [Ваня] быў афярай дзеля гэтай справы (З. Бядуля. Дзесяць – Выбр. тв., 162).
88 👁