дэвуш – Тв., 442). / у параўн. Чаго-чаго толькі яны [жонка з нявесткай] не нанеслі: стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар, побач блішчэла ўсімі колерамі неба і зямлі яечня з салам і кілбасой (З. Бядуля. Пуд жыта – Выбр. тв. 201). Сваталі ж мне ў прыймы у нову хату, На зямлю ражайну і дзеўку багату; буду жыць казалі, як які пасэсар, Ездзіць парай коні, як сам пан асэсар (Ф. Багушэвіч. Мая хата – Зан., 386).
Перан. (іран.). Важная асоба. [Грамабой:] – Усялякая жаба нос дзярэ. Вельмі асэсар ён тут вялікі – не дамо. Ды хто ў цябе пытацца вельмі будзе? (К. Крапіва. Мядзведзічы – Зб. тв. IV, 203).
Перан. Мядзведзь. Стаіць Вашамірскі ля калматага асэсара і думае: Што рабіць? Ціханька пайсці назад? (З. Бядуля. У дрымучых лясах – Зб. тв. у 5 т., III, 264).
Атаман м. Начальнік у казацкіх войсках і пасяленнях. Ізноў закіпела Сіне мора. Ўздоўж байдака Ізноў пахаджае Пан атаман ды на хвалю Моўчкі паглядае (Я. Купала. Іван Падкова – Зб. тв., IV, 477).
Атопкі мн. Абутак з ліпавай кары (калі абутак стоптваўся, яго закідвалі на стрэхі, каб добра прасушыць, а ў дзень Купалы выкарыстоўвалі як падпал для развядзення купальскага вогнішча). Малада грамадка – дзераўца глыбока Пасярод далінкі у зямлю ўкапала, Цэлы стог сухога галля нанасіла, Атопкамі яго кругом аблажыла, Штобы паўстрэчаці ахвотай купала! (В. Дунін-Марцінкевіч. Купала – Тв., 224).
Атрамант [ст.-бел. атраментъ; польск. atrament < лац. atramentum] м. Чарніла. Ніжэй ішлі літары, ірваныя ад дрэннай паперы і вадкага атраманту (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 268). Я помніў тыя пасланні, якія пісалі манахі-францысканцы пад дыктоўку вялікага князя, пацеючы ад напружання і паспешліва соўгаючы вострыя гусіныя пёры ў чорнае месіва атраманту (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 420). Маленькі Тамаш быў тады заўсёды запэцканы ў сіні атрамант: рукі, нос, лоб, нават язык. Тамаш і цяпер памятае саладкаваты, непрыемны смак атраманту (З. Бядуля. Тры пальцы – Зб. тв. у 5 т., III, 181). Здавалася Аўгіні, што нічога на свеце няма мудрэйшага, як выводзіць атрамантам просценькія палачкі на паперы – вось такія рысачкі, як на аўсяным коласе (З. Бядуля. Дэлегатка – Выбр. тв., 213–214). Ён [пан Богуш] апусціў пяро ў «атрамант», Палюбаваўся з момант ім І, вокам лыпнуўшы касым, Стаў выліваць «душы сакрамант» (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 197). / у параўн. Кот быў чорны, як кітайскі атрамант і як сама цемра: вялізны, з ягня, гладкі кацяра (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 67). // вобразн. Ноч разліла свой атрамант Панад морам паміж скал (З. Бядуля. Ноч разліла свой атрамант – Зб. тв.
78 👁