ліятэкі, таму ў скрынях і на паліцах ляжала лепшае напісанае ў Візантыі (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 184). Цяпер у скрыпторый, альбо пісьмянніцу, дзе стары Нячай сцеражэ дарагія скруткі-пісьмёны, ходзяць малодшыя дзеці, яны ж, бывае, і чытаюць па чарзе перад кафлянай печчу ў вялікай зале то «Трышчану і Ізоту», то «Александрыю» (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 535).
Скрыпты [ст.-бел. скриптъ, шкриптъ – пісьмо, спіс; лац. scriptum] мн. Паперы, дакументы. Учасце ў ёй [эксдывізіі] прынялі людзі вельмі часамі падазронай славы, як Юзаф Свіда, Ігнат Тукала.. і іншыя, а найгоршым быў маршалак Бжазоўскі, банкарт аднаго з Юдыцкіх, каторы адпрысягнуў праўнасць скрыптаў натуральнага свайго бацькі, выданых ахмістрыні Бжазоўскай, гэта значыць сваёй матцы, аб каторых агульнавядома, што былі фікцыйныя (А. Абуховіч. Мемуары – Зан., 528–529).
Скрэпа ж. Прыгон. Я ў гімназіі яшчэ быў, та й непаўналетак, калі цар Аляксандр Другі аслабадзіў мужыкоў ад скрэпы (В. Савіч-Заблоцкі. Пісьмы да Міхайлы Драгаманава – Зан., 547).
Скурапея ж. Кароста. Ды і як было не верыць, калі Раман лячыў травамі скурапею і скулы, упраўляў звіхі, выводзіў цяменнік, браў на рукі дзяцей з пярэпалахам і глядзеў ім у вочы, і дзецям адразу рабілася лягчэй (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 7).
Скутак [польск.] м. Вынік. Не дабіўшыся на сходзе ніякага скутку, мы распачалі працу ў іншым напрамку: ..сабралі грошы і купілі некалькі лемантароў, пяць лібараў паперы і адчынілі школу (Я. Колас. Пісоўныя работы курсантаў слуцкіх настаўніцкіх курсаў – Зб. тв. у 14 т., XI, 34).
Славеснасць ж. 1. Філалагічныя навукі (лінгвістыка, літаратуразнаўства і пад.). Справа была ясная: да славеснасці .. [Багдановіч] меў найбольшую схільнасць (С. Майхровіч – ТСБМ, V, 196). // Назва вучэбнага прадмета ў дарэвалюцыйнай сярэдняй школе, які даваў сістэматычныя веды па літаратуры. Мне прыйшлося вучыцца ў настаўніка Міцкевіча дзве зімы. Ён быў вельмі добры настаўнік. Добра вучыў рускай славеснасці, пісьму і арыфметыцы. І ніколі не караў, як іншыя настаўнікі («Помнікі» – ТСБМ, V, 196).
2. Вусныя заняткі з салдатамі па вывучэнні воінскіх статутаў у дарэвалюцыйнай рускай арміі. [Ротны Гланда:] – Панове, афіцэры, Бярыце ўзводы! Замест славеснасці пустой Займіцеся работаю другой: Байцам тлумачце Сэнс свабоды І ўрада новага намеры (Я. Колас – ТСБМ, V, 196). – Наколькі я ведаю, падпалкоўнік, вы – жандарскі штаб-афіцэр у маёй губерні, а не аглядчык славеснасці! – рэзка абарваў губернатар (М. Віж. Лабірынт – Л, 251).
82 👁