Сервітут і сэрвітут [ад лац. servitus (servitutis) – рабства, падначаленасць] м. 1. Селянін, які меў абмежаванае права карыстацца чужой уласнасцю. Жывёлу гоне ў парк галодны «сервітут» (Я. Купала. Запушчаны палац – Зб. тв., II, 215).
2. Абмежаванае права карыстання чужой уласнасцю (пашыраныя былі зямельныя сервітуты: права праезду, прагону і выпасу жывёлы, рыбнай лоўлі на чужой тэрыторыі, карыстанне сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі інш.). Даўно ўжо да мястэчка даходзілі чуткі, што кармянчане ваююць з панам за «сервітут». Яны не ведалі дакладна, што азначае гэта мудронае слова, яны толькі ведалі адно, з панам яшчэ не зусім размежаваны ад часоў паншчыны: гэты поплаў, куп'істы і гразкі, заўсёды быў пашаю для кармянскіх кароў (К. Крапіва. Мядзведзічы – Зб. тв., IV, 323). [Пан:] – Хто можа ісці на мой маёнтак?.. Хіба тыя, што па сягоннешні дзень судзяцца са мною за сэрвітут (З. Бядуля. Дзесяць – Выбр. тв., 140).
Сервітутны, прым. Які мае адносіны да сервітута ў II знач. А з панам у яго выходзілі нелады на грунце сервітутных спраў (Я. Колас. Дрыгва – Зб. тв. у 12 т., VII, 286).
Сердзюкі мн. Так называлася войска, якое было на ўласным ўтрыманні гетмана. Там са сваімі сердзюкамі Вяльможны гетман з старшынямі Скакаў на вараным кані (Я. Колас. Палтава – Зб. тв. у 14 т., X, 458).
Сернічкі мн. Запалкі. ..пры мне няма сернічкаў (В. Ластоўскі. Лябірынты –Тв., 85).
Серп м. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Няма на ім [полі] месца, на якім не ступала б нага мужыка, над якім не прасвісцеў яго серп, не заспявала б каса, не сцёбнуў бізун (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 154). Свісне коска ў сваёй сенажаці, Бразне серп па загоне паспелым (Я. Купала. У свет – Зб. тв., II, 348). Як колас наспелы пад сярпом сагнецца, І смутная жнеяў Песня панясецца (Я. Купала. Поле – Зб. тв., II, 304). Работу кончыў серп у полі, І лета хіліцца на спад (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 167).
Серпень [ст.-руск. сьрпьнь] м. Старадаўняя назва жніўня, месяц жніва. У канцы серпеня, калі пахла наваколле спелым жытам і калола босыя ногі прахалодная пожня, да берага прыстала вялікая лодка (В. Іпатава. Мара – МХ, 340).
Серпеньскі, прым. Жнівеньскі. Густа падалі з неба халаднаватыя серпеньскія зоркі (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 476).
Сетачнік м. Рабочы, які працуе на паперавырабляльнай машыне. Сетачнік тав. Кавалёў за першую працоўную вахту выпрацаваў каля трох тон паперы дадаткова да плана («Звязда» – ТСБМ, V, 122).
73 👁