Старонка 475
◀ / 658 ▶
менаўскім крэсле, нават думаў часам над тым, як пачуваў бы ён сябе ў ролі губернатара (М. Лынькоў – ТСБМ, V, 115). Папілі барышы, пабылі на імшы, І ў сенатарскі чын уступілі (Я. Купала. Пяць сенатараў – Зб. тв., IV, 76). Дык зноў сушаць мазгі, як схадзіць раз-другі, Сенаторскія сшыць каб мундзіры... (там жа, 77). Сеннік м. Матрац, набіты сенам. Калі ж заспяваў першы певень, будзячы зорку Дзянніцу, паваліліся ўсе спаць на саламяныя сеннікі, а княжыч – на пярыну (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 503). Сеньёр м. Землеўладальнік у сярэдневяковай Заходняй Еўропе, што меў неабмежаваную ўладу на тэрыторыі, якой валодаў; вярхоўны феадал (сюзерэн) у адносінах да сваіх васалаў. Да сямі гадоў маленькі Вікберт выхоўваўся дома, потым, як і ўсіх рыцарскіх сыноў, яго прывезлі ў замак сеньёра (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 237). ..старэйшы брат – уладарнік баронскага тытулу і сеньёр – не будзе клапаціцца ні пра разбураныя часам масты і равы вакол замка, ні пра паўднёвую сцяну, прабітую падчас вайны з князем Манфрэдам, калі той паўстаў супраць улады Ордэна (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 115). [Альбрэхт:] – Я часцяком прыношу сюды слонак, таму сюды любяць прыходзіць багатыя гараджане і нават сеньёры (там жа, 127). Сеньярына ж. Жонка сеньёра; заможная жанчына. Сама бачыла, як самлела каля мяне ўся ў золаце ды брыльянтах вяльможная сеньярына (А. Карпюк. Белая дама – БД, 278). Серабрак м. Гандляр сярэбранымі вырабамі. Яшчэ набыў [Андрэй] у серабрака маленькі літы складзень, дзе была выява старога Андрэя – вырашыў падарыць Соф'і перад ад'ездам (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 260). Серадняк м. Селянін-аднаасобнік, які меў невялікі зямельны ўчастак і апрацоўваў яго сваімі асабістымі сіламі, па сваім маёмасным становішчы знаходзіўся паміж бедняком і кулаком. Атрымаўшы зямлю, дапамогу, .. [Ларывон і Паліна] выбіліся з беднякоў у сераднякі (І. Шамякін – ТСБМ, V, 119). [Лютынскі]: Бацька мой селянін... серадняк. Да рэвалюцыі гнуўся на чатырох дзесяцінах (К. Крапіва. Канец дружбы – Зб. тв., II, 78). Серадняцкі, прым. Які мае адносіны да серадняка, складаецца з сераднякоў. Да калгаса бацька меў серадняцкую гаспадарку (І. Дуброўскі – ТСБМ, V, 119). [Брыль:] – Сіла і моц нашай дзяржавы трымаецца на саюзе рабочага класа з працоўнай сялянскай, батрацкай і серадняцкай масай (Я. Колас – ТСБМ, V, 119). Серадняцтва н., зб. Сераднякі, серадняцкае сялянства. Я разумеў: што бедната і асноўная маса серадняцтва сталі на шлях калектывізацыі (П. Галавач – ТСБМ, V, 119).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 658 ▶