Русіны поле шырокае загарадзілі шчытамі бліскучымі, шукаючы чэсці сабе, а князю славы (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 237). Тут пір дакончылі храбрыя Русіны – не дарма набеглі, – Сватоў спалілі, а самі так За Рускую землю палеглі (там жа, 260).
2. Этнічная і гістарычная назва рускіх, беларусаў і ўкраінцаў у Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Акрамя польскіх зямель выставяць харугвы і русіны (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 229). // Беларусы. А горай за ўсё – нават палякаў называе яна [каралева] дзікім, барбарынскім народам. Што ўжо казаць пра русінаў і жмудзінаў! (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 96).
Русчізна ж. Так раней называлі беларускую мову. З'явілася і паэзія свецкая. Вось верш Яна Пашкевіча аб «русчізне» – беларускай мове: Полска квітнет лаціною, Літва квітнет русчізною, Без той в Полсце не пребудзеш, Без сей в Літве блазном будзеш (У. Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі – ЗБК, 123).
Ручніца і рушніца [ст.-руск. ручьница; польск. rusznica] ж. Адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы; тое, што мушкет. – Нудзіўся ўсімі гэтымі разлікамі: колькі сена з'ядуць за паход коні і колькі ручніц трэба заказваць збройнікам, якія дзіды колюць лепей і што новага прыдумалі ва ўзбраенні рыцары Ордэна (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 370). ..учора галоўны каморнік даводзіў, што трэба ўздымаць падаткі на соль, каб купіць тры сотні ручніц (там жа, 376). Случакі адчайна абстрэльвалі таран з лукаў, кушаў і ручніц (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 22). Крыкі людзей, іржанне коней, трэскат ручніц – рэхам разносіліся па лесе (там жа, 63). [Пятрук]: Аж адным разам выязджае з завулка якісь старшы; як крыкнуў – «гэй!», так яны [маскалі] ўсе скочылі, схвацілі за рушніцы і сталі роўна, хоць ты нітку працягні (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты – Тв., 141).
Рушэнне н. Апалчэнне; земская абарона. Зрэшты, гэта разумелі ўсе – і загартаваныя ў баях воі, і месцічы, якіх паслалі ў рушэнне дымы і дробныя селішчы па закліку Альгерда (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 593). – Каб я быў баязліўцам – я, ратуючы сваю шкуру, узначаліў бы ваша рушэнне, каб аддаліць расплату асабіста са мной... (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 175).
Рыгадон м. Старадаўні танец. Мільгалі вокны багатых маёнткаў, дзе свяціліся кандэлябры і грымела музыка рыгадонаў – танцаў, уведзеных у моду каралевай Бонай (В. Іпатава. Чорная княгіня – МХ, 300).
Рыдван [ст.-бел. рыдванъ; польск. rydwan, с.-в.-н. reitwagen] м. Крыты воз; карэта. Густой пушчай, у марозе, Ехаў багаты пан, Аж разбойнік пры дарозе Затрымаў рыдван (Ф. Багушэвіч. Смык беларускі – Зан., 427).
74 👁