руку). – Як можна, графіня! (Аддае каробку). З днём нараджэння... Прабачце за сціплы прэзент... (К. Губарэвіч – ТСБМ, IV, 505).
Прэзентаваць зак. і незак. (разм.). Паднесці (падносіць) у якасці падарунка; падараваць. – Ты не выскаляйся, а падумай добра. Чаму гэта.. [Аляксей Сцяпанавіч] прэзентаваў карасі нам, а не каму іншаму (М. Паслядовіч – ТСБМ, IV, 505).
Прэзыдэнт м. Прэзідэнт. Людзі кажуць, што ён дужа амбітны, лезе ўверх! І абавязкова хацеў стаць камандантам, а калі не камандантам, то хоць-бы прэзыдэнтам, на мейсца сябра, які зьнік... (М. Цэлеш. Пернікавае сэрца – ХБ, 201).
Прэнг [ст.-бел. пренгеръ, пренкгиръ, пренкгеръ; польск. pręgierz < ням. Pranger] м. Ганебны слуп – прылада для катавання. А са званіцы касцельнае арганістага сцягнулі, прызнаўся на прэнгу, што далі яму ксяндзы кулю срэбную асвячоную з пісьмёнамі і намовілі пагубіць князя беларусінскага (У. Арлоў. Кроніка Лаўрына Баршчэўскага – МКГ, 163). З Лотрам не жартуюць. Гэта прэнг, і «велля», і расплаўлены свінец у роце, а там і вогнішча... (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 200). Мечнік Гіаў Турай, дваццаць гадзін віснучы на прэнгу, безупынна не чытаў, а хутчэй выкрыкваў – ад нясцерпнага болю – спакуслівыя месцы з пісання (дорага дала б святая служба і ўвогуле царква, каб іх там не было) (там жа, 357). Варта было б заплюшчыць вочы, і вось: сутарэнне, прэнг, на якім вісіць нагі, ненатуральна выцягнуты – наскі ног павернуты адзін да аднаго (там жа, 358).
Прэпазіт [ст.-бел. препозитъ; лац. praepositus] м. Пачэсны тытул прыдворнага. // Прыдворны, звычайна еўнух, які праводзіў прыёмы ў Вялікім Палацы. Не паспелі падаць чашы з арабскім шэрбетам – салодкімі скрылямі садавіны, палітымі замарожанымі ўзбітымі вяршкамі.., – як убег кіроўца двара і прашаптаў, што ў дом прыехаў намеснік прэпазіта Роберт і хоча бачыць коміта (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 204). Перавальваючыся, даклыпаў да памоста прэпазіт, паправіў складку на дыване, падняў руку, і ўсё сціхла (там жа, 218).
Прэфект [ад лац. praefectus – начальнік] м. Асоба ў Рыме, якая займала пасаду намесніка ў правінцыі. [Арыстос]: Га! мыслю, Як вас няволя збыдлячыла, вас, што Ў застоллі рымскага сеўшы прэфекта, Б'іцё віваты... (Я. Купала. Эрос і Псіха – Зб. тв., VII, 83). [Арыстос]: цішэй! кажу! тут нявольнікаў поўна, Якія могуць данесці прэфекту Твае ўсе словы! (там жа, 87).
Загадчык, інспектар або настаўнік рэлігіі ў школе.
Δ Ксёндз-прэфект: Я, будучы ў Полацку, і мая .. жонка .. прасілі ксяндза-прэфекта, каб не шкадаваў розгаў (Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня – Выбр. тв., 92).
75 👁