Старонка 409
◀ / 658 ▶
Пісацца незак. Лічыцца кім-н., называць сябе як-н. у дакументах, афіцыйных паперах. – Ты як пішашся: па бацьку ці па матцы? – запытаўся .. [старшыня] (А. Якімовіч – ТСБМ, IV, 259). Пісец [руск.] м. Тое, што пісар. ..служыў [дзядзька] у горадзі бытцым то пісцом (М. Гарэцкі. Рунь – Р, 5). Князь не прымаў – ён другі дзень сядзеў з панамі-радай і пісцамі (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 395). Пістоль ж. Кароткая ручная агнястрэльная зброя; пісталет. Такая тады лютасць за сэрца ўзяла, што князь, як вочы на мяне падняў, так пістолю з-за пояса і выцягнуў (У. Арлоў. Міласць князя Гераніма – МКГ, 189). Пісьменства н., адрадз. Пісьменнасць. Цераз пераклады ўваходзіць нацыянальнае пісьменства ў скарбніцу сусветнай літаратуры (У. Калеснік – ТСБМ, IV, 260). Беларускія пісьменнікі ніколі не аддзялялі і не аддзяляюць гэтае імя [Сыракомлі] ад беларускага пісьменства (А. Мальдзіс – ТСБМ, IV, 260). ○ Прыгожае пісьменства – мастацкая літаратура, белетрыстыка. [Аленка], ..не хочучы адставаць ад Сцёпкі па часці прыгожага пісьменства, прымала ўдзел у насценгазеце (Я. Колас – ТСБМ, IV, 260). Пісьмёны мн. Сістэма графічных знакаў, якія ўжываюцца для пісьма; тое, што напісана з дапамогай гэтых знакаў. Літаратурная мова ўкраінскіх і беларускіх пісьмёнаў перыяду [XIV–XVIII стст.] была настолькі блізкай, што часта вельмі цяжка вызначыць розніцу паміж імі («Полымя» – ТСБМ, IV, 260). ∆ Скруткі-пісьмёны: Цяпер у скрыпторый, альбо пісьмянніцу, дзе стары Нячай сцеражэ дарагія скруткі-пісьмёны, ходзяць малодшыя дзеці, яны ж, бывае, і чытаюць па чарзе перад кафлянай печчу ў вялікай зале то «Трышчана і Ізоту», то «Александрыю» (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 535). Пісьмоўнік м. У XVIII ст. – кніга-даведнік для самаадукацыі па мове і літаратуры. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібыта гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі «Северной пчелы» (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 305). Пішчаль ж. Старадаўняя пушка, а затым вялікае цяжкае ружжо, якое зараджалася цераз ствол... баязліва азіралася [Алена]: каб ніхто не стрэліў у цара лесу, навокал жа людзі з пішчалямі і арбалетамі (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 101). І тут з нетраў адусюль выязджаюць, выломліваюцца з гушчару коннікі. У руках іхніх няма пішчаляў (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 200). Планіда ж. (разм.). Доля, лёс. Клопікаў зноў з'явіўся быў на родных гарызонтах, але, як сам гаварыў ён, яго ўласная планіда пакацілася ўніз (М. Лынькоў – ТСБМ, IV, 267).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 658 ▶