Старонка 402
◀ / 658 ▶
Паэта [ст.-бел. поета, поэта; лац. poeta] м. Паэт. Паэту на ўсякі выпадак пасадзілі ў арышт (П. Сыч. Бярозка – К, № 7, 79). «Як-жа, мамка, жаніцца, калі навет ложак няма дзе паставіць?» – адказаў малодшы, Алесь, як больш баёвы беларускі таленавіты паэта (М. Цэлеш. Цётка Магда – ХБ, 170). – Янка Купала – народны паэта, узнагароджаны ордэнам... (М. Цэлеш. «Янка сеяў – людзі жалі»– ХБ, 128). Паядынка [польск.] ж. Аднастволка. – Пэўна, не адзін ён [качур] тут, – заўважыў Кандрат, пасьпешна заганяючы новы набой у сваю паядынку (М. Цэлеш. Хмары над Бацькаўшчынай – ХБ, 14). Паязджанін м. (абл.). Той, хто знаходзіцца ў дарозе, едзе куды-н.; падарожнік. Гэтыя дзве машыны пайшлі следам за трыма грузавікамі з салдатамі, а за імі пайшлі яшчэ тры грузавікі з салдатамі. Так усе гэтыя паязджане выехалі з Баранавіч на Сіняўку і далей проста імчаліся па Маскоўска-Варшаўскай шашы, на ўсход (К. Чорны – ТСБМ, V, 593). Ціхамір глянуў на гадзіннік – была ўжо шостая гадзіна, але ў вакзале яшчэ было цемнавата. – Ды праз гадзіну [буфет] адчыняць, – сказаў Ціхамір тонам бывалага паязджаніна (І. Чыгрынаў – ТСБМ, V, 593). // Удзельнік вясельнага поезда. Як у моры ў белым снегу Без днявання, без начлегу, Ў бездарожжа, ў беспрыстанне Едуць, едуць паязджане (Я. Купала – ТСБМ, V, 593). / у параўн. ..воі, нібы паязджане, гарцавалі ўслед за княскім гнядым (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 405). Пейзан [фр. paysan – селянін] м. Селянін, які паказаны ідылічна ў мастацкай літаратуры, жывапісе, тэатры XVIII–XIX стст. А жанчыны спявалі. А я глядзеў на іхнія прыгожыя твары, на іх ільняныя або чорныя як смоль (сярэдняга не было) косы, на іхнія ўборы і думаў, што гэта дзіва як добра. Таму што гэтыя шнуроўкі і андаракі былі не ад оперных пейзан у лапціках, а было гэта заўсёды так (У. Караткевіч – ТСБМ, V, 594). Пекната [ст.-бел. пекность, пенкность, пякность, пянкность] ж. Прыгажосць. [Дабровіч]: Спадзяюся, што цяпер ужо пэўна перастанеш [Кароль] марыць пра пекнату чужаземшчыны (В. Дунін-Марцінкевіч. Ідылія – Тв., 70). Жанчыны былі ў глыбокай жалобе, і гэта – а таксама іхнія заплаканыя вочы, і маладосць, і пекната – прымусіла Алеся прыслухацца і запыніць (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 319). Пекны [ст.-бел. пекный, пенкный, пиенкный < польск. piękny], прым. Прыгожы. Выйшаў хлопец з той дубровы, Хлопец пекны, стройны гэткі (Я. Купала. Дзяўчына і вянок – Зб. тв., II, 112). [Кароль]: Што ж ты ўбачыў там, мой Яне? [Ян]: Вельмі пекную дзяўчынку, Што як сарна, лёгка, вабна (В. Дунін-Марцінкевіч. Ідылія – Тв., 35).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
◀ / 658 ▶