Паўаршына м. Палова аршына (35, 13 см). – Вось тут ход у падзямельле, – сказаў мой правадыр і пачаў рукамі адгартаць насыпаны на добрага паўаршына друз (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 83). – От які сусед мне папаўся, Андрэй, – гаварыў па дарозе Сымон. – Свінушнік пабудаваў, дык на паўаршына ў маю сядзібу ўлез (А. Чарнышэвіч – ТСБМ, IV, 113). Па кутках і столі Павуціння густа, Гразі на падлозе – Ў паўаршына луста (Я. Купала. Гутарка аб кепскай гаспадыні – Зб. тв., IV, 172).
Паўасміна і паўасьміна ж. 1. Палова асміны; паўтара пуда. Намачыў поп аўса з паўасміны Ды занёс яго на лядзіны (Я. Колас. Як поп зрабіўся авіятарам – ТС, 188). Сеў жыдок у нас у вёсцы, Пры гасцінцы, пры дарожцы. Меў ярмулку, трэпкі, цыцэль, Ў балахоне новы гіцэль, Шэсць дзяцей ад жонкі Рохлі, Паўасьміны меў картохлі (Ф. Багушэвіч. Смык беларускі – Зан., 431).
2. Пасудзіна, якая служыла для вымярэння сыпкіх рэчываў. А пад паветкаю прылады: Вазок, калёсы, панарады, Старыя сані, восі, колы І вулляў некалькі на пчолы, Яшчэ някончаных; судзіна, Стары цабэрак, паўасміна (Я. Колас. Новая зямля – ТС, 187–188). Прыходзіць да Паўлюка Сцёпка пазычыць паўасьміны (Я. Колас. Тоўстае палена – ТС, 188).
Паўасмінка ж. Драўляная пасудзіна, у якой змяшчаецца паўасміны збожжа. Нагінаецца стары, каб высыпаць паўасмінку падсеянага ячменю ў мех (К. Крапіва. Мядзведзічы – Зб. тв., IV, 152).
Паўвалока ж. Былая мера зямлі, роўная палове валокі (10,5 га). – Я буду працаваць на той паўвалоцы зямлі, якую і буду прасіць вас пакінуць за мною... (М. Чарот – ТСБМ, IV, 113). Як бліжэйшыя сваякі, яны арандавалі Гарасімаву паўвалоку па чвэрці кожны (А. Чарнышэвіч – ТСБМ, IV, 113). [Госць]: І лес ёсць? [Адольф]: (абціраючы хустачкай лоб). А як жа – ёсць; з паўвалокі, калі не болей. Сосна ў сасонку! (Я. Купала. Паўлінка – Зб. тв., VI, 212). [Хадыка:] – Жывуць тут людзі багачамі – Ядзяць іх мухі з камарамі! – На паўвалоках і скупых, Калі даўно сядзяць на іх (Я. Колас. Новая зямля – ТС, 188).
Паўвалочка ж. Памянш. да паўвалока. [Госць]: І сенажаць ёсць? [Адольф]: Ёсць, ёсць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран. [Музыка]: Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі? (Я. Купала. Паўлінка – Зб. тв., VI, 21). ..ўсю ворную зямлю Глябовічаў – паўвалочкі балоцістай глебы – здаўна арандаваў шляхціц Чэслаў Хомік (М. Віж. Лабірынт – Л, 139).
Паўвератня м. Старая народная мера зямлі (адлегласці); палова вератня. Папрабаваў быў Пятрусь цягнуць дадому адны драбіны і нават працягнуў іх з паўвератня (Я. Колас. Кірмаш – Зб. тв. у 12 т., IV, 40).
82 👁