Старонка 396
◀ / 658 ▶
патоку слёз, перарываючы голас, Якім кляўся, прысягаў, прасіў (М. Нікановіч – ТСБМ, IV, 103). Патомны, прым.: ○ Патомны час – будучыня. Многім, надта сынаўцам Таўцівілу і Эдзівіду ды іхняму дзядзьку Выкінту, гэта не падабаецца, .. яны хочуць бачыць свой патомны час іншым, незалежным (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ, 218). Патрава [ст.-бел. потрава] ж. Ежа, страва. На сталох – сьляды патравы: Хлеб, агрызкі селядцоў (Я. Колас. Сымон Музыка – СМ, 88). Скончан дзень. За стол паселі – Дужая сямейка! Незайздросная патрава: Бульба ды куцейка (Я. Колас. Сялянская рада – ТС, 186). Пад мяснымі і расольнымі патравамі стаялі спецыяльныя срэбныя фаеркі, у якіх вясёлкавымі агнямі гарэў спірытус, каб яда не астыла (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 87). Патронка ж. Апякунка, заступніца. Яна [Жывена] успомніла радкі з «Хранаграфіі» Псела, дзе той апісваў апошнія гадзіны царавання прыёмнага сына імператрыцы Зоі Міхаіла Пятага, які замест удзячнасці саслаў сваю патронку на далёкі востраў і быў за гэта пакараны гараджанамі (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД,185). Патрыцый м. Прадстаўнік радавітай знаці, арыстакрат у Старажытным Рыме. Яны [князі] і гарады будавалі, і татараў білі, і народам кіравалі, ды мала гэтага здалося – яшчэ свае роды ад рымскіх патрыцыяў вывелі (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 97). Сатурн – бог патрыцыяў (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 97). // Пан. Утварыліся патрыцыі (паны) і плебейцы (мужыкі) (В. Ластоўскі. Лябірынты – Л, 97). У сярэднявечча – прадстаўнік гарадской (купецкай) арыстакратыі. Таму кожнаму патрыцыю даводзілася штогод аднаўляць дазвол на гандаль уласным таварам (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 189). Патрыярх м. Старэйшына роду, родавай абшчыны. Прычым патрыярхі неахвотна выпушчалі каго-колечы зь сям'і, і сем'і разрасьліся да 100–200 душаў (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 95). Патрыярхат м. Эпоха, якая змяніла матрыярхат да перыяду распаду першабытнаабшчыннага ладу. Але сем'і пачалі множыцца і бацькі мала-памалу ўстанавілі патрыярхат, неабмежаваную нічым уладу галавы сям'і над усімі сям'янамі (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 95). Патэфон [ад назвы фр. фірмы «Pathe» і фон] м. Партатыўны грамафон з гукаправодам унутры скрынкі (быў створаны ў пачатку XX ст. у Францыі, у сярэдзіне XX ст. выцеснены электрафонамі). Патэфоны граюць ім [дзецям і ўнукам]. Радыё іграе; Не было ў жыцці маім Гэтакага раю (Я. Купала. Як я малада была... – Зб. тв., IV, 281).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 658 ▶