пастрыжнымі братамі імкнуліся зрабіць сваіх сыноў сем'і, якія сябравалі паміж сабой, каб у далейшым гэта сяброўства прадоўжылі іх дзеці). Бачыш ты свайго пастрыжнога брата? Абдыміцеся першымі мужчынскімі абдымкамі (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 76).
Пастыр м. Пастух (паэт.). Пастыр стадка ў поле гоніць і пяе. Дзе ж кароўкі, валы, коні, Дзе мае? (Я. Купала – ТСБМ, IV, 92). Жывёла пужліва З поля пляцецца, Пастыр жаласліва Дзьме на жалейцы (Я. Купала. Нядзеля – Зб. тв., V, 229). Скубець скаціна, а пастыр Пасе, пільнуе ад ваўка (Я. Купала. Пры скаціне – Зб. тв., I, 310). // перан. Кіраўнік. Пастыр лютага статка, люцейшы яшчэ за пасомых (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 347). [Святазар:] – Значыць, дзіця маё, ты не зможаш быць сапраўдным пастырам – пастухом для авечак. Пастыр павінен быць жорсткім (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 291).
Свяшчэннік як кіраўнік паствы – веруючых якой-н. царквы; прыхаджан. – Нядрэмны промысел божы сапраўды ўздае кожнаму па заслугах, бо ён бесперастанку абыходзіць сусвет і строгім вокам сочыць за намі, – падтрымаў слова пастыра друнгарый Васіль (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 201). Пастыр княства [біскуп Войцех Табар], які толькі і думае, як вырваць у праваслаўнай царквы кавалак (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 96).
Пастыроў, прым. Тое, што пастырскі. Вялікі луг – ні слова! – Траву з мохам родзіць: Труба пастырова На чым свет заводзіць (Я. Купала. Нядзеля – Зб. тв., V, 222).
Пастырскі, прым. да пастыр (тут у I знач.). Яшчэ і сонца не ўзышло Людзей на днеўны труд будзіць, – Тру-гу, тру-гу! на ўсё сяло Труба пастырская гудзіць (Я. Купала. Пры скаціне – Зб. тв., I, 309). Гукі бяроставай пастырскай трубы, нібы спевы паляўнічага ражка, зычна разліваліся ў бары (З. Бядуля – ТСБМ, IV, 92).
Пастырства н. Дзейнасць пастыра (тут у I знач.). Згэтуль выходзіў Апалён, які займаўся тут пастырствам (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 94).
Пасцельнічы м. Прыдворны чын у Рускай дзяржаве XV–XVII стст.; асоба, якая ведала пасцеллю князя (цара), яго асабістай казной, майстэрняй, у якой шылі адзенне і бялізну князю (цару) і пад. Назаўтра на дасвецці Жывену разбудзілі, Перад дзвярыма тросся пасцельнічы Феафілакт (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 225). Побач з галоўным пасцельнічым Феафілактам на прыступках стаяў нізкі каржакаваты чалавек, пры поглядзе на якога Жывена ўздрыгнула (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 152). Пасцельнічы Іван зняў з князя мокрае карзно (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 38).
80 👁