Паракіманен м. Начальнік службы асабістых пакояў імператара. Неўзабаве да іх [коміта і дзяўчыны] спусціўся сам паракіманен Канстанцін (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 215).
Паранак [польск.] м. Раніца. Не судзіла ты мне, доля, Быці рэчкай сярод скалаў, У якой яна бы вочкі На паранку умывала (Я. Купала. Не судзіла доля – Зб. тв., III, 282).
Парантэля [польск.] ж. Сваяцтва. Дык гутарку пачаў з ім, – можа, як удасца Настрой яго паправіць, дык аб парантэлі Пачаў пытаць, аб продках па мячы, кудзелі (В. Дунін-Марцінкевіч. Літаратарскія клопаты – Тв., 271).
Пардва [ст.-бел. пардва; польск. pardwa] ж. Белая курапатка. Улетку на гэтых імшарах, сярод досыць густых, але дробных зарасьляў, было даволі шмат цецярукоў і пардвы (М. Цэлеш. Партыйны таварыш – ХБ, 68).
Пардус [ст.-бел. пардусъ, пардъ; лац. pardus < гр.] м. Гепард. Гіргень, застаўшыся адзін, загадаў прывесці да шатра паляўнічага пардуса (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 491).
Парода ж. Прыналежнасць да якой-н. сацыяльнай групы; сацыяльнае паходжанне. [Сцяпан:] – Прыйдзе звод на кожнага, хто ў кулацкай пародзе ходзіць (М. Лынькоў – ТСБМ, IV, 55).
Пародзісты, прым. Надзелены рысамі, якія сведчаць аб арыстакратычным паходжанні. // Які з'яўляецца прыкметай такога паходжання. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы,.. [Сотнікаў] пазіраў на свайго канваіра – маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з'яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка (В. Быкаў – ТСБМ, IV, 56).
Парок м. Сценабітная зброя ў выглядзе бервяна ці каменямётная машына. Краем вока я бачыў, што наверсе, у вежы, заварушыліся наводчыкі, якія стаялі ля парока «Пярун» – новае гэтае, страшнае сваёй магутнасцю каванае бервяно, якім ламалі вароты пры асадзе, Гедзімін нядаўна закупіў у Любеку (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 435). Следам за знузнікамі на вялікіх падводах везлі парокі (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 268).
Паруб м. У Старажытнай Русі – месца зняволення, цямніца. Яшчэ ён [князь] мог замкнуць яе [Рагнеду] у парубе, але і магчымая адзінота ў астрозе не адгукалася горыччу (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – Тж., 58).
Парубежны, прым. Пагранічны. У 1067 годзе Яраславічы напалі на парубежны горад Полацкае дзяржавы – Менск (М. Цэлеш. Летапісная Няміза – ХБ, 217).
Паручнік м. У дарэвалюцыйнай Расіі – афіцэрскае званне, якое ішло за званнем падпаручніка. // Асоба, якая мела гэта званне. Толькі
75 👁