Старонка 380
◀ / 658 ▶
а тыя, што бога знаюць – грошы не з'яўляюцца крытэрыем ацэнкі асобы. [Падлетак:] – Ды толькі не тыя паны, што грошы маюць, а тыя, што бога знаюць. Забяры свае бязбожныя грошы (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 267). Пан панам – самы магутны, які мае моцны ўплыў у грамадстве. Захоча пан – паможа нам, Я ж ведаю: вы – пан панам, Для пана ўсё, усё мажліва (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 105). Сам сабе пан – самастойны, не залежны ні ад кога чалавек. Хоць шляхціч цёмны, як саган, Затое ж сам сабе ён пан (Я. Колас. Новая зямля – Зб. тв. у 12 т., VI, 98). Тады толькі пан, калі добра я п'ян – нічога не страшна чалавеку ў нецвярозым стане. Разгарніся ж душа. Сцеражыся Тамаша. Бо тады толькі пан, Калі добра я п'ян (Я. Колас. Новая зямля – Зб. тв. у 12 т., VI, 120). Хварэць (захварэць) на пана – доўга спаць, вылежвацца; весці сябе высакамерна, фанабэрыста, выяўляючы нечаканыя звычкі, імкненне да раскошы і пад. Дзед жабрак прачнуўся рана, Будзіць хлопца: – Уставай! Хварэць нечага на пана, Хоць падзяку людзям дай! (Я. Колас. Сымон Музыка – СМ, 81). Бач, захварэў на пана... Няма таго, каб аддаць дабрыдзень, з людзьмі па-людску паздароўкацца... (І. Аношкін. Букет бэзу – ЭСФ, 395). Панаў, прым. Тое, што панскі. Уставала [дзяўчына] рана, Лажылася позна, І ў сне чула панаў Голас хрыплы, грозны (Я. Купала. Ты мне песню спей, дзяўчына... – Зб. тв., IV, 363). Пане м. Тое, што пан у III знач. «Мы будзем ехаць паволі. Выбярэм самых спакойных коней, ласкавы пане!» – супакойваючым, нібы да дзіцяці, тонам сказаў пан Вашамірскі (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 127). Паненачка ж. Памянш.-ласк. да паненка. ..прыцягальна вабілі пана пышныя балі, дваранскія з'езды, выбары, а найбольш – ўдавіцы і салонныя паненачкі (М. Віж. Лабірынт – Л, 57). Паненка ж. Незамужняя дачка пана. Праз дзяўчыну-красу я [агароднік] свой век загубіў, Згінуў з ласкі паненкі, шляхоцкай дачкі (Я. Купала. Агароднік – Зб. тв., I, 408). Рукі прыслужніцы заварушыліся хутчэй, нібы яна хацела перадаць паненцы сваю моц (В.Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 19). Мова хмельная вядзецца, Сьмех паненак маладых (Я. Колас. Сымон Музыка – СМ, 161). Маладая прыгожая дзяўчына. [Пан Патоцкі:] – Ну, што воліш сабе выбраць, Пышная паненка (Я. Купала. Бандароўна – Зб. тв., V, 89). Панёва ж. Род жаночага адзення, спадніца. Панёву швыдка нахапіла, Кашэль сачнямі [ляпёшкамі] налажыла, Ў калёсы села, пакацілась (В. Равінскі. Энеіда навыварат – Зан., 50). Пані, ж. да пан у I знач.; жонка пана. Едзе шляхам да Кіева Шасцярнёй карэта, А ў карэце пан і пані, Шыкарна адзеты (Я. Купала. Кацярына – Зб. тв., V, 398).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 658 ▶