Старонка 377
◀ / 658 ▶
Палупанак м. Той, хто паводзіць сябе як пан, лічыць сябе панам; панскі памагаты. [Дзед Даніла:] – Не люблю я псярні панскай, Палупанкаў, ахмістрынь – Дух падлізніцкі, паганскі, Прападзі ён там і згінь! (Я. Колас. Сымон-музыка – ТС, 179). Палюддзе н. Подаць, збіраемая князем з народа. Часцей вяртаўся ён [князь] позна, стомлены і грозны, з палюддзя ці палявання (В. Іпатава. За морам Хвалынскім – МХ, 26). – Палюддзе не зменшыў ты [князь], а павялічыў... (В. Іпатава. Гул далёкіх стагоддзяў – Пр., 222). Паля ж. Кол як прылада для катавання. Жанчын і грудных дзяцей саджалі на палю (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 41). [Князь:] – Пішы, а то заўтра на палю палезеш! (У. Арлоў. Міласць князя Гераніма – МКГ, 198). Не кожны дзень крычаўскіх бурмістраў на палю саджаюць! (там жа, 205). Палялеяць зак. (руск., кніжн.). Накіраваць, вярнуць. З таей жа Каял-ракі Яраполк палялеяў між угорскімі інаходцамі бацьку свайго да Сафіі святое да Кіева (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 239). Паляне мн. Заходнеславянскае племяннае аб'яднанне. Ён [граф] не ведаў, што крывічы разам з палянамі, вяцічамі, драўлянамі яшчэ за некалькі стагоддзяў да ягонага нараджэння ў баявых лоддзях пераплылі бурны Понт, прымусілі грэчаскага імператара выйсці са сталіцы з залатым вянком міру ў руках і прыбілі свой баявы шчыт на варотах Царграда (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 48). Памазанік м. Той, хто памазаны на царства; манарх. Ды прысягу ламаць грэх вялікі, не гожа, Бо законны кароль – ёсць памазанік божы (В. Дунін-Марцінкевіч. Люцынка, альбо Шведы на Літве – Тв., 317). «Яго правасхадзіцельства», не шкадуючы слоў і фарбаў, гладка пераконваў мужыкоў не паддавацца хлуслівай агітацыі мяцежнікаў, чакаць ад Аляксандра ІІ – «боскага памазаніка і вызваліцеля» – новых літасцей (М. Віж. Лабірынт – Л, 10). Памаране мн. Адна з груп заходнеславянскіх плямёнаў, блізкая да палабскіх славянаў (насялялі прыбалтыйскае Памор'е). Настала поўная воля – ідзі куды цягне: хоць у Полацк, хоць да памаранаў (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 72). Памаранчык [польск.] м. Апельсін. – Любенькая, купіце мядку зь кілаграмік, ды сьлівачнага масьліка, ды яечак зь дзесяць, памаранчыкаў, ды зварыце ўсё гэта разам, ды папаіце ім хлапчука – усю хворасьць як рукой здыме (М. Цэлеш. Пёрка й іншыя – ХБ, 84). Па-маскоўску, прысл. Па-руску. А між імі [братцяй] й землячкі тут Сям-там праглядаюць; Па-маскоўску так і рэжуць (Я. Купала. Сон – Зб. тв., V, 341–342).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
79 👁
◀ / 658 ▶