Старонка 37
◀ / 658 ▶
Ангельскі, прым. Англійскі. ..малодшая [дачка], працуе ў ангельскім афіцэрскім ночным клюбе (П. Сыч. Бярозка – К, № 7, 80). Ён .. вывучаў ангельскую мову й прыкідаўся Ангельцам (там жа, 78). Андарак [ст.-бел. индеракъ; ням. Unterrock] м. Даматканая суконная спадніца. Кветачкамі свеціць яе андарак, Гарсэціць чырвоны, як у гаршку рак (В. Дунін-Марцінкевіч. Вечарніцы – Тв., 218). У залу ўвайшла Ксенія, мажная ўжо кабета ў панскім убранні – шоўкавая кофта, атласная спадніца, з ёй старая сялянка ў саматканым андараку (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 98). [2-гі пагарэлец] з андаракам і каптанам бабскім (Я. Купала. Сон на кургане – Зб. тв., VI, 89). Доўгі бабчын андарак цягнуўся краем па падлозе (І. Мележ – ТСБМ, І, 233). Усе ў стракатых андараках з хвандамі, у рознакаляровых кабатах, якія так ёмка і зусім па-новаму сцягвалі іхнія.. тулавы (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, І, 203). Цёмныя валасы яе [Жывены], спушчаныя над вухам у выглядзе пятлі, абярог, што вісеў на падраным сухажыллі, тоўсты карычневы андарак – усё выдавала застарэлы адчай і разам з тым выяўляла надзею, якою жыла гэтая, па ўсім відно, надзвычай уражлівая істота: у валасах скамечылася барвовая разетка шыпшыны, на андараку былі нашытыя тоўстымі барвовымі нітамі такія ж кветкі (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 25). Але толькі пакланіліся ў пояс падарожныя і сабраліся ісці, як скрозь ніжнюю браму на чыста выбрукаваны, пустынны двор замка пасыпаліся дзяўчаты ў вяночках і стужках на русых, чорных, рудых галоўках, у кажушках і суконных каптанах, у квяцістых андараках і тканых каляровых спадніцах (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 571). Выйшла Соф'я ў вышыванай кашулі, чыімсьці андараку, з чырвонай стужкай у валасах, пакланілася княжай пары (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 358). / у параўн. Надта ўжо добрыя былі поршні, як крамныя: ніз суцэльны, вяршок, як андарак, клятчасты, з жоўтых і сіненькіх скураных лычак, а раменьчык, якім зашморгваюць, чырвоны, як мак-відук (У. Караткевіч Каласы пад сярпом тваім – КС, ІІ, 271). // вобразн. Дзень памрэ, і ночка зьляжа, Чорны ўзьдзеўшы андарак (Я. Колас. Сымон Музыка – СМ, 163). Андынарыя ж. Месячная натуральная плата прадуктамі і адзеннем (такую плату памешчыкі выдавалі прыгонным сялянам, якія не мелі ў сваім карыстанні зямлі і працавалі на памешчыцкім полі). Назаўтра пан даў загад аканому павялічыць андынарыю Якіму (М. Нікановіч – ТСБМ, І, 234). Анталёгія ж. Анталогія. ..анталёгія лепшых тагачасных літаратурных твораў (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 102). Анталяжык [польск. з фр. entoilage – палатняная падшыўка] м. Белая, ценкая пляцёнка, якая служыць для абшывання бялізны, чапцоў
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
84 👁
◀ / 658 ▶