Няверны м. Той, хто спавядае чужую веру. «Ніводнаму з бакоў, – працягваў біскуп, – нельга карыстацца дапамогай няверных і нельга дапамагаць няверным у змаганні супраць другога боку...» (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 294). [Крыштофіч:] – Яны клічуць вас у крыжовы паход супраць туркі і няверныя, збіраюць на гэта грошы з простых (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 294).
Нявестнік [ст.-бел. невестникъ – пакой для нявесты; шлюбны пакой] м. Жаніх. – Ну што, верная жоначка? Што, нявестнік? Ці ўдалася ж табе твая намова? (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 164).
Нязавашта, прысл. Няма за што. ..крыўдзіцца на яго [Нупрэя] нязавашта... –адазваўся ўрэшце [Сымон] (М. Цэлеш. Першыя цаглінкі – ХБ, 207).
Няземскі, прым. Незямны. [Кароль]: Ўсюды пры мне воблік яе і пастава. Скрозь бачу, як яснее няземскай красою І лёгка так у скоках плыве над зямлёю! (В. Дунін-Марцінкевіч. Ідылія – Тв., 59).
Нянаскі, прым. Не наш, не свой; далёкі. Траскучы мароз размаляваў шыбы дзівоснымі ўзорамі нянаскіх кветак («Маладосць» – ТСБМ, V, 583).
О
Обер-кандуктар м. Галоўны кандуктар. – Тут, на Новым Свеце, – гэта за чыгункаю – ёсць обер-кандуктар (Я. Колас – ТСБМ, ІІІ, 446).
Обер-паліцмайстар м. Шэф паліцыі ў буйным горадзе ў царскай Расіі. Апошнія дні обер-паліцмайстар сталіцы Паткуль хвастаў дворнікаў і аднаму адваліў шчырай рукою дзвесце пяцьдзесят лозаў за тое, што ён нібыта сказаў, што калі аб'явяць волю, то ён закрычыць «ура» (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, ІІ, 354). Агароў едзе да обер-паліцмайстра, і там яны вырашаюць даць справе законную хаду (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 323). ..обер-паліцмайстар Баранаў прымусіў стаяць шаснаццаць гадзін запар у паліцыі, калі міма праходзілі пецярбургскія дворнікі, каб апазнаць яго [Рыгора Ісаева] (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 277).
Обер-пракурор м. Вышэйшая службовая асоба, якая на правах міністра ўзначальвала Сінод у царскай Расіі. У пакоях былой кватэры Растоўцава жыў генерал-ад'ютант Пуцята, таксама спірыт, чалавек, які выклікаў д'ябла і пагражаў яму, што ў выпадку ідэйных рознагалоссяў ён паскардзіцца на яго обер-пракурору сінода і камітэту міністраў (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, ІІ, 227). // Вышэйшая службовая асоба, якая ўзначальвала дэпартамент Сенату ў царскай Расіі.
76 👁