Альбер м. Чалавек цюркскага племя. [Святаслаў:] – Не даждаліся вы [сыны] сільнага й багатага брата майго Яраслава з яго мнагавоямі, з чарнігаўскімі ваякамі – з магутамі.. і з тапчакамі, і з рэвугамі, і з альберамі (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 242). Альбігойцы мн. Удзельнікі ерытычнага руху на поўдні Францыі ў XII–XIII стст. Словы гэтыя прагучалі не ў Лівоніі, а далёка адсюль, у паўднёвай Францыі, калі там, як дзікіх звяроў, забівалі воіны папы альбігойцаў (Л. Дайнека. Міласць князя Гераніма – МКГ, 224). Алькерык [польск. alkierz < чэш. alkěr, ад с.-в.-ням. ärker] м. Памянш. да алькер – вуглавая адасобленая частка будынка, якая знадворку намнога выступае ад сцен (былі характэрны для шляхецкіх сядзіб Беларусі і Польшчы ў XVII–XIX стст.). Усе ў хаце называлі пакой алькерыкам (З. Бядуля. Язэп Крушынскі – Зб. тв. у 5 т., IV, 228). Альмарыюм [ст.-бел. альмария, олмарея, армария – шафа] м. Скрыня, шафа. – Родныя, – сказаў дойлід, – ён усё аднекуль ведае пра вас. І таму ўцякайце. Пакуль не позна. І вазьміце з сабою альмарыюм з грашыма (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 131). Альфа [ст.-бел. альфа; ст.-руск. алфа, альфа – 1. Аз. 2. (перан.) пачатак] ж. Назва першай літары грэчаскага алфавіта. ◊ Альфа і амега – пачатак усяго. І госцям зараз нецікавы Гасцінны дом, гаспадары, Іх сэрцу бліжай свае справы, Свае манаткі і двары. І гэта – альфа і амега Такой маралі ў час такі. Ім нават зараз не з рукі І чарку выпіць «чапкавэга» (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 224). Ад альфы да амегі – ад пачатку да канца, цалкам. Аднойчы, усумніўшыся ў нейкай дробнай ісціне, я пачаў правяраць, і аказалася: усё – ад альфы да амегі – трэба мне вырашаць нанава (М. Танк. Шчаслівы дзень – ЭСФ, 25). Альфабэт [ст.-бел. алефбетъ; лац. alfabetum] м. Алфавіт. На Дзяды пры выпіуцы адзін [беларус] адзеваецца казою і пяе беларускія прыказкі у парадку жыдоускаго альфабэта (З. Бядуля. Жыды на Беларусі: Бытавыя штрыхі – Ж, 15). Алюмнат [польск. уст. alumnat – пансіён] м. Студэнцкі інтэрнат (былі ў Гэйдэльбергу, Кёнігсбергу, Берліне, Лейдэне, Оксфардзе). – Ездзіў у Оксфард, у тутэйшы універсітэт. Не прынялі, хаця для нашых студэнтаў там адкрыты алюмнат (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 91). Амбарас [фр. embarras] м. Клопаты, турботы, непакой. Колькі амбарасу каля гэтай справы! (К. Крапіва – ТСБМ, I, 228). Прыехаў на рынак; тут здзёрлі дзесятку Брамнага, ці як там, за штосьці казалі. Паказалі мейсца; стаў я за рагатку, – Пані шчуп за зайца і купіла зараз; Жыд зараз за скурку адлічыў тры злоты. Вот толькі з дрывамі, з яйкамі амбарас (Ф. Багушэвіч. Песні – Выбр. тв., 101).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
93 👁