Алтабас [ст.- руск. алтабасъ] м. Род парчы, затканай золатам ці срэбрам. Адзелі нявесту. Плацце – з персідскага алтабасу, вытканага сярэбранай ніткай, упрыгожанага ізумрудамі і жэмчугам (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 46).
Алтар м. Узвышаная частка ў храме з ахвярнікам, на якім спальваліся ахвяры і перад якім адбываліся культавыя абрады (першапачаткова была звязана з культам продкам, затым узводзілася ў гонар багоў і герояў). Тонкім смалістым пахам, пахам сонца і жывіцы, пацягнула ў святліцу – яшчэ нядаўна каля яе праносілі паленцы, што ўжо складзеныя ў храме на высокім алтары ў тры акуратныя стосікі і палітыя тлушчам (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў –АД,12). Вакула заплюшчыў вочы і ўбачыў да драбніц знаёмую карціну: нямоглы, як напоены празрыстай старэчай жаўцізной вярхоўны жрэц Святазар уздымаецца ўверх па прыступках алтара, кожная з якіх адпавядае пэўнаму месяцу і вершаванаму памеру патрэбнага гімна, да першага кола цаглін, якімі абкладзенае месца вогнішчаў і дзе ўмацаваны паміж зажымамі кавалак сухога дрэва са свярдзёлкам (там жа).
◊ Класці (пакласці, скласці) на алтар – аддаваць што-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Мусіць, у гісторыі не было іншага чалавека, які б паклаў на алтар беларускага асветніцтва столькі ўласных сродкаў, як Магдаліна Радзівіл (Настаўніцкая газета 26.01.2002 – ЭСФ, 196). Класціся на алтар чаго, чаму – аддавацца чаму-н. у імя чагосьці высокага, дарагога і пад. Ды што змагацца з неспазнаным? На алтар яму кладзецца творчасць – ахвярапрынашэнне, калі ахвярнікам робіцца мальберт, аркуш паперы, сцэна, ахвярай – талент і дух (В. Куртаніч. Майстра практычных дыскусій – ЭСФ, 196).
Алтарнік [ст.-руск. алтарникъ] м. Службовец алтара. Там, у глыбіні свяцілішча, каля алтарніка са знічам, сабраліся жрацы (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 427).
Алхімік м. Асоба, якая займалася алхіміяй.
△ Даследчык-алхімік (у параўн.): Любіла яна [Фаціма] ствараць новыя мазі і націранні, касметычныя дзівосы – ім аддавалася са страсцю, нібы душа прыроджанага даследчыка-алхіміка ўсялілася ў мякка-калахлівае жаночае цела (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 149).
Алхімія ж. Сярэдневяковае містычнае вучэнне, накіраванае на тое, каб адшукаць «філасофскі камень» як чудадзейны сродак для ператварэння простых металаў у золата, для лячэння хвароб і г. д. (некаторыя адкрыцці і вывады алхіміі з'явіліся пачаткам сучаснай хіміі як навукі). [Юнгінген:] – У Францыі занятак алхіміяй забаронены пад пагрозай смяротнага пакарання ўжо трыццаць гадоў (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 237).
88 👁