Старонка 330
◀ / 658 ▶
Δ Рамеснік-меднік: Дзед быў рамеснікам-меднікам. Заўсёды звінеў аб кавадла дзедаў малаток (З. Бядуля. У дрымучых лясах – Зб. тв. у 5 т., III, 243). Мезаліт м. Прамежкавая эпоха каменнага веку паміж палеалітам і неалітам. Сярэдні каменны век, мезаліт, гэта перш за ўсё лук і стрэлы (У. Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі – ЗБК, 107). Менавіта ў мезаліце тэрыторыя Беларусі была спрэс заселеная. Стаянак таго часу дужа многа (там жа). Мезальянс [фр. mésalliance] м. Шлюб з асобай ніжэйшага сацыяльнага становішча ў грамадстве; няроўны ў сацыяльных адносінах шлюб. [Даміцэля]: Перш-наперш, мой даражэнькі, кавалер, што заляцаецца да паненкі, павінен быць таго самага стану, як і яна; – калі ж ён ніжэйшага стану, то павінен, прынамсі, мець славу вучонага і разумнага, – інакш той стан, да каторага належыць паненка, будзе крычаць, што гэта мезальянс (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты – Тв., 136). Мезанін [іт. mezzanino] м. Няпоўны паверх, пабудаваны над сярэдзінай дома. Дамоў з мезанінам у такім гарадку, як Слонім, – штукі чатыры-пяць (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 188). Δ Надбудова-мезанін: Над ганкам – надбудова-мезанін, там пакойчык для каго з прыезджых ці для дачкі, як падрасце (Т. Хадкевіч – ТСБМ, III, 1333). Мезеніца ж. Малодшая дачка. Δ Дачка-мезеніца: Сыны па дурным новым звычаі аддзяліліся, з бацькам застаўся толькі старэйшы, Міхал, з жонкаю ды шасцёра іхніх дзяцей: пяць сыноў і дачка-мезеніца (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 5). Мезлева [ст.-бел. мезлева, мезлива – падатак за кароў; літ. mêzliava] н. Натуральны або грашовы падатак за ўтрыманне жывёлы. Дзякла ў гаспадарскі двор ён [Мікаш] ужо адвёз, мезлева ж трэба было аплаціць грашыма (В. Іпатава. Гайна і Мікаш – МХ, 325). Мейсца н. Месца. Першая прычына гэтаго тая, што у гэтых двух нацый німа родства мовы і плямен і тут як раз палякі і расійцы занялі першае мейсца, асіміліруючы беларусоу (З. Бядуля. Жыды на Беларусі: Бытавыя штрыхі – Ж, 16). Мейсцовы, прым. Мясцовы. Дэкорацыя мейсцовай самабытнай прыроды мае у сябе такую вялікую сілу, што, на уплывы уселякіх іншых культур дзействуе адпорна у адваротную старану (З. Бядуля. Жыды на Беларусі: Бытавыя штрыхі – Ж, 16). Меледзія ж. Мелодыя. Есьць агульныя жыдоуска-беларускія народныя меледзіі, прыказкі, дзе жыдоуская і беларуская мовы перамешаны паміж сабой (З. Бядуля. Жыды на Беларусі: Бытавыя штрыхі – Ж, 11).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
85 👁
◀ / 658 ▶