Акцызны, прым. Які мае адносіны да збору падаткаў на тавары масавага спажывання. З шапкі ён змахваў крыху на даўнейшага чыноўніка акцызнага ведамства (Я. Колас. Балаховец – Зб. тв. у 12 т., V, 337–338). Акцябраты мн., адз. акцябронак, м. Школьнікі малодшых класаў (звычайна першых трох), якія рыхтаваліся стаць піянерамі. Ягоны [Леніна] смех, Яго вясёласць Гарыць на тварах акцябрат, Жыве ў рабоце камсамола, У песнях маладых дзяўчат (П. Глебка – ТСБМ, I, 220). А на рэчцы на Арэсе Растуць акцябраты, Піянеры, камсамольцы – З бальшавіцкім гартам (Я. Купала. Над ракою Арэсай – Зб., тв., V, 189). Алавастравы [ст.-бел. алевастровый, алябастровый], прым. Зроблены з алебастру; алебастравы. Ён [Гедзімін] падняў нагой аскабалкі бутэлькі, яны са звонам разляцеліся па святліцы, адзін дзынькнуўшы аб празрысты алавастравы сасуд на паліцы, упаў на пушысты дыван ля сцяны (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 401). Аланы мн. Вялікі племянны саюз сармацкага паходжання (у пачатку X ст. заснавалі самастойную дзяржаву Аланію, пасля манголататарскага нашэсця ў канцы 1230-х гадоў мігрыравалі ў Грузію, Візантыю і Венгрыю, частка перайшла на тэрыторыю сучаснай Асеціі); продкі грузінаў, асецінаў, венграў. – Я з племя аланаў і таксама быў воем, але мяне захапілі ў палон (В. Іпатава. За морам Хвалынскім – МХ, 48). Алахі мн. Полаўцы. Абаронцы Перуна, што ў пушчах і чаратах сядзелі, на белы свет выходзяць, са стэпу алахі на конях і на гарбатых вярблюдах божым цэрквам пагражаюць (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКГ, 469). Алебарда [ст.-бел. алябарда, алябарта, галябарда; ням. Hellebarte] ж. Старадаўняя халодная колючая зброя: доўгае плоскае або гранёнае кап'ё з прымацаванай да яго сякерай або паўмесяцападобным лязом. Язык звону вырвалі, шчокі алябардамі пасеклі і да палонкі пацягнулі, каб давеку безгалосы на дне ляжаў (У. Арлоў. Міласць князя Гераніма. – МКГ, 205). Пасля школы яны ішлі прагульвацца за горад, мінаючы гандлёвыя рады, крочылі за браму, дзе драмаў стражнік з алебардай і гакоўніцай (В. Іпатава. Чорная княгіня – МХ, 296). Алефбейс [ад алеф – першая літара, бет – другая літара яўрэйскага алфавіта] м. Алфавіт. [Дзед:]– Бачыш, які ты ў мяне разумны!.. Га? Калі «дозволено цензурой» дык я табе куплю «алефбейс» (алфавіт) (З. Бядуля. У дрымучых лясах– Зб. тв. у 5 т., III, 272). Алканне [ст.-руск. алъкати, алкати – галадаць; ст.-бел. алкати – 1. Адчуваць моцны голад, галаданне. 2. Моцна жадаць, імкнуцца да чаго-н.] н. Голад. – Вялікае алканне чакае нас. Баяры не далі хлеба (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКГ, 582).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
96 👁