Машына [фр. machine ад лац. machina – цягнік] ж. Цягнік. Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка. Туман на возера лёг нізка, Вада шумела каля млына, Свістала голасна машына (Я. Колас – ТСБМ, II, 129).
Машэка м. Мядзведзь. – Машэка ідзе, – спалохана прашаптаў Белаводаў сусед (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 540).
Маярат і маёрат [познелац. majoratus ад лац. major – вялікі, старэйшы] м. Памесце, маёнтак, на якія пашыраўся парадак атрымання спадчыны, калі зямельнае ўладанне пераходзіла другой асобе па прынцыпе старшынства: старэйшаму сыну або старэйшаму ў родзе. [Князь:] – У маярат, у Белую забяру. Там у мяне, гарматнік, інфантэрыі шэсць тысяч ды гусарыя з кавалерыяй, ды аддзел гран мушкецёраў, як у французскага караля (У. Арлоў. Міласць князя Гераніма – МКГ, 192). Я мяркую так таму, што не часта бывае ў такім закутку паўналецце адзінай наследніцы маярату, і ўсё ж праз два дні ў Балотныя Яліны з'ехалася ніяк не больш чатырох дзесяткаў чалавек (У. Караткевіч. Дзікае паляванне караля Стаха – ЗБК, 231). [Маці:] – Род стары, але вельмі заняпалы. Я думала, і не асталося з іх нікога. Аж ёсць. Іхні маёрат – Дастоева пад Пінскам, і яны кінулі яго, збяднеўшы, год сто назад (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 201).
Меаційскі [ад Меаціда – антычная назва Азоўскага мора], прым. Які мае адносіны да Азоўскага мора. Вёў гэты шлях з правага берага Дняпра на левабярэжжа, потым праз плаўні ў дняпроўскай луцэ да вярхоўяў ракі Кальміус, адтуль – на Дон, у Суражскае мора, якое рамеі называюць Меаційскім балотам, і канчаўся ў Тмутаракані (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКГ, 568).
Медзіяланскі, прым. Міланскі. – Так, – сказаў Кляонік. – Дачка медзіяланскага князя (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 41).
Медзь зб. Грошы. Звінела серабро, І золата, і медзь (Я. Купала. У хорамах – Зб. тв., IV, 25). [З 1-га століка]: Як добра, што шынкар паклікаў.. Зайграйце, толькі ж не фальшыва – Як суддзі, купленыя меддзю (Я. Купала. Сон на кургане – Зб. тв., VI, 142).
Медзяк м. Медная манета. У другім вузельчыку ляжалі два злоты на крупы, саракоўка на тараны і селядцы, залатоўка на соль і газу, дзве дзесяткі і чатыры грошы на вобмешку япручку і яшчэ некалькі медзякоў на тытунь і запалкі (Я. Колас. Тоўстае палена – Зб. тв. у 12 т., IV, 145).
Меднік м. Рабочы, які займаецца вырабам або рамонтам медных рэчаў. Майстроў на гэтай цукроўні было пяць, усе беларусы: майстра-механік, каваль, слесар, меднік і сталяр (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 230).
81 👁