далёкі, у маскалі (В. Ластоўскі. Лебядзіная песьня – Тв., 7). Швэд набытак наш паліў І маскаль тут самачынна Гвалт над намі утварыў (Я. Колас. Сымон Музыка – СМ, 80). Старшы брат бацькі, дзядзька Пятрусь, служыў у маскалях, дзе быў вайсковым пісарам, быў чалавек начытаны і кнігу любіў шчыра (Я. Колас. Я. Ф. Карскаму – Зб. тв. у 14 т., XIII, 28).
2. Рускі (разм.). Я не чыноўнік і не граф, не князь, Таксама – я не турак і не грэк, І нават не паляк і не маскаль, А проста я тутэйшы чалавек! (Я. Купала. Тутэйшы – Зб. тв., III, 215). [Ясюкевіч:] – Зямля, воля, паўстанне ўсюдых, братэрства ўсім народам. – Гм, – сказаў Ямант, – і маскалям? Чаму я павінен паміраць за маскаля? (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 378).
∆ Маскаль-падрадчык: Урэшце руіны, каля 1913 г., прадаў расейскі ўрад на цэглу нейкаму маскалю-падрадчыку (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 83).
Маспане м. Адна з колішніх форм звароту да чалавека ў Польшчы. Кінуўшы, рынуўшы паўстанне, Прыбег к табе, маспане (Віншаванне Бондара Савасцея – Зан., 120). Тут коман абзавецца із кутка: «Маспане! Бо й дорага пан плаціш усялякі шкоды, Мужыкі таму й рады, калі ў агароды Убягуць панскі харты: каласоў дзесятак Утопчуць, пан даш капу, да яшчэ ў прыдатак Мужычкі карбованца ад пана дастануць» (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 466).
Маставое [ст.-бел. мостовое] н. Мыта за перавоз тавараў праз мост. – Нібыта гэта не нам плаціць бясконцыя гэтыя маставыя, стругавыя, вазавыя, а вам! (В. Іпатава. Агонь у жылах крэменю – Пр., 254).
Масянжовы і масяндзовы [ст.-бел. мосендзовый, мосяндзовый, мосяжовый і інш. – латуневы], прым. 1. Зроблены з мосенжу (сучаснае – латунь); бронзавы, латуневы. На камодзе красаваліся масянжовыя падсвечнікі (З. Бядуля – ТСБМ, III, 119). То не хмара – бела птушка Хмараю зляцела Над царом тым масянжовым (Я. Купала. Сон – Зб. тв., V, 340). Знайшлі некалькі чарапкоў, пацеркі, заржавелыя масяндзовыя цацкі (З. Бядуля. Язэп Крушынскі – Зб. тв. у 5 т., IV, 99).
2. Колеру мосенжу, бронзавы. – Вы прымушаеце даму чакаць, – незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы (У. Арлоў. Час чумы – МКГ, 39). Паказваюць два твары – адзін круглы, поўны, масянжовы, з маленькімі цёмнасінімі зажмуранымі вачыма, з светларусай рэдкай бародкай; другі – абросшы цёмна-сівай густой барадой да самых вачэй (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 49). Прыйшоў Мікіта – дужы хлапчына з масянжовым тварам, трохі сутулаваты, унурысты і маўклівы (М. Зарэцкі – ТСБМ, III, 119).
75 👁