Старонка 320
◀ / 658 ▶
Манаполька ж. (разм.). У дарэвалюцыйнай Расіі – дзяржаўная крама, у якой прадавалі гарэлку. ..разам залівалі гора сваё манаполькай (В. Ластоўскі. Мост у Кутох – Тв., 38). Ад яго [пана] тхнула смуродам манаполькі (К. Акула. Гараватка – К, № 7, 26). Два шчырыя сябры злазяць з воза, абдымаюцца, цалуюцца, адзін аднаго падтрымліваюць і ідуць да манаполькі (Я. Колас – ТСБМ, III, 100). [Сцяпан]: – Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як на ліха, манаполька цэлы дзень была закрыта (Я. Купала. Паўлінка – Зб. тв., VI, 208). Манарх м. Цар, кароль, імператар, шах, султан і інш. Не ў страх нам пагрозаў замахі, Не ў страх інтэрвенцкія шхуны, – Ні стуль, дзе гадуюць манархаў, Ні стуль, дзе бушуюць тайфуны (Я. Купала. Хвалююцца морскія хвалі… – Зб. тв., IV, 241). Манархіст м. Прыхільнік манархізму. Ашалелы манархіст, .. [Ланской] змагаўся за абсалют улады больш утрапёны, чым самі ўладары (У. Караткевіч – ТСБМ, IV, 100). Мангола-татары мн. Назва розных цюркскіх, мангольскіх і некаторых іншых плямёнаў, аб'яднаных у XIII–XV стст. у адзіную дзяржаву – Залатую Арду. ..на пачатку 1253 года кароль франкаў Людовік IX таксама паспрабаваў дамовіцца з мангола-татарамі, паслаўшы фламандца Вілема Рубруквіса да хана Мункэ (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 52). Мандарын [парт. mandarin ад перс. mantrin – саветнік] м. Еўрапейская назва дзяржаўнага чыноўніка ў старым феадальным Кітаі. У паланкіне, раскінуўшыся, сядзеў мандарын у шырокім сінім шаўковым халаце (Я. Маўр – ТСБМ, III, 102). Манішка ж. Белы нагруднік, прышыты ці прышпілены да мужчынскай сарочкі, а таксама спецыяльны нагруднік у жаночай сукенцы або жакеце. А то аднаго разу адзін у капелюшы і манішцы зняў з фуры веласіпед, сеў на ім верхам і давай катацца па дарозе (З. Бядуля. У дрымычых лясах – Зб. тв. у 5 т., III, 243). Максім знімае з сябе студэнцкую тужурку, белы каўнерык і манішку, узіраецца ў маленькае люстэрка (С. Майхровіч – ТСБМ, III, 104). Які ж прад'явіцца рахунак? Аб чым пытаць будзе сатрап? Сатрапік – франт. Адзет па модзе – Манішка, гальштук, кацялок (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 148–149). // перан. [Дзед:] – Княства, як цяпер мудрагелістыя гегелісты кажуць, «і-дэ-алё-гічных» лапцей супраць герцагства «тэ-о-рэ-тычных» манішак (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 207). Манішачка ж. Памянш.-ласк. да манішка. Пасля краўца маці сшыла мне некалькі белых манішачак з крамнага палатна і галстук са сваёй старой шоўкавай хусткі (З. Бядуля. У дрымучых лясах – Зб. тв. у 5 т., III, 300).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 658 ▶