забраў, па пяць тысяч на рок даходу цягне, а ей ні гроша не даець... (Ф. Багушэвіч. Тралялёначка – Зан., 448).
Акрутны [ст.-бел. окрутный; польск. okrutny – жорсткі], прым. Грозны, жорсткі, люты. – Кажуць, што ты князь акрутны, але, бачыць неба, я не баюся цябе (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 19). – І няхай нас адтамталя дастане, акрутны, апаёвы псарэц [псяр]. У яго свая судба, у нас – свая (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 131). – Ну, кінь ты, жонка, плявузготы. Няхай лепш вешаецца пан, І не такі акрутны стан, Каб так баяцца жываглота (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 53). Настрой у панскай Польшчы ўзняты – Трывожны час, акрутны стан: На Польшчу сунуцца гарматы, Б'е Гітлер гучна ў барабан (там жа, 217).
Акруценства [польск. okrucieństwo – 1. Жорсткасць, лютасць. 2. Жахі, зверства] н. Ашуканства. Запыталася [Еўка] тужліва: – Чаму такая жорсткасць вакол і акруценства? (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 104).
Акрывала н. Покрыва. ..чыжовая падушка пад голаў, саболяе акрывала паверх, ды я, сама малада, поплеч (В. Ластоўскі. Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве – Тв., 44).
Актор м. Акцёр. У Парыжы з іх [простых людзей] быў бы толк. Вышлі-б вялікія сусветныя кампазітары, акторы, маляры і нават паэты (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 63). – А... ад чаго памагае? – Ад запою... – натхнёна збрахаў актор. – Ад хмялення (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 202).
Акторка, ж. да актор. / у параўн. Яна [Мэра] прыслухоўваецца да акцэнтацыі слоў пры гутарцы з суседкамі і, як акторка, стараецца падрабляцца пад іх (З. Бядуля. Язэп Крушынскі – Зб. тв. у 5 т., IV, 297).
Акторства н. Акцёрства. Дзякую Драчыку і за яго акторства, бо каб не напалохаў, дык ніколі ў сваім шэрым канцылярскім жыцці такой радасці не меў бы (З. Бядуля. Язэп Крушынскі – Зб. тв. у 5 т., IV, 200).
Акцызнік м. Чалавек, які збірае акцызныя зборы – ускосныя падаткі на тавары шырокага спажывання; служачы ў акцызе. Вёрст з трыццатак ад горада абрабавалі аднаго акцызніка ды забілі на смерць паштара (Р. Мурашка – ТСБМ, І, 220). Часта прыязджалі акцызнікі, правяралі градусы гарэлкі і бралі ў карчмара хабар (З. Бядуля. У дрымучых лясах – Зб. тв. у 5 т., III, 240). І акцызнік той быў, прысягаўся і ён, Як яму хтось данёс, як сачыў ён пяць дзён, Як кацёл там кіпеў, як гдзе брага была, Як Пятрук не паспеў уцячы ад катла... (Ф. Багушэвіч. У судзе – Тв., 24). // перан. (лаянк.). – Акцызнік ты, во што! (Я. Колас. Стараста – Зб. тв. у 12 т., IV, 197).
87 👁