320). У свой час не паслухаўся Кейстут бацькі, які адшукаў яму нявесту ў мазавецкім княскім доме, а са скандалам, з гвалтам выкраў вайдэлотку, абразіўшы тым усю Жамойць (там жа, 537).
Мазаўчанін [ст.-бел. мазовшанинъ – мазур, жыхар Мазовіі] м. Жыхар Мазовіі. ..я паказаў мазаўчаніну на яго пярсцёнак – той таксама быў залаты, ажно ільсніўся ў святле смалякоў у сярэбраных зажымах (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 340).
Мазаўшане мн. Заходнеславянскае племянное аб'яднанне, якое ў VI–VII стст. засяляла сярэдняе Павісленне, а ў IX–XI стст. – рассялілася ў Мазовіі. // Жыхары Мазовіі. Якім жа шчаслівым бацькам пачуваў сябе тады малады дзяцюк Куп, вясёлы язычнік і вой княжацкай дружыны, што хадзіў з усімі новагародцамі на галічан ці чарнігаўцаў, мазаўшан альбо полаўцаў! (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 43).
Мазоны мн. Тое, што мазаўшане. А вайне паміж мазонамі і прусамі расказваў ён [Раман] чамусьці (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 54). І сказаў правадыр мазонаў Відэвуту, каралю Брутэніі: «Адмаўляешся нам даніну аддаваць – сцеражыся ночы» (там жа).
Мазур м. (разм.). Тое, што мазурка. Аж карчма трасецца – Кракавяка адбіваюць, Вальца ды мазура (Я. Купала. Гайдамакі – Зб. тв., V, 420–421).
Мазурка ж. Польскі нацыянальны танец з трохдольным тактам, а таксама музыка да гэтага танца. Калі Хаданскі перайшоў залу і запрасіў яе [Майку] на мазурку, яна пайшла танцаваць, нават не зірнуўшы на Алеся (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 346). Пальцы Скашынскага забарабанілі па стале жвавей. Яны выстуквалі лёгкі матыў мазуркі (А. Чарнышэвіч – ТСБМ, III, 85). Чуваць з залы музыка, граючая мазурку, улятаюць танцуючыя пары (Я. Купала. Галька. – Зб. тв., VII, 19).
Майстравы м. Рабочы, рамеснік. З усіх вагонаў пайшлі: мужчыны.. з чамаданамі, партфелямі, дзеці, сяляне ў лапцях, армяках, майстравыя з інструментамі (П. Галавач – ТСБМ, III, 86).
Майстрыня ж. Загадчыца жаночага пансіёна. [Вольга Ж.]: Дзень любімы, дзень каханы! Майстрыні нясём віншаванні (В. Дунін-Марцінкевіч. Неспадзяванка для майстрыні – Тв., 77).
Майткі [польск. majtki – панталоны, трыко] мн. Штаны. І на нагах у яго [дзеда Талаша] не лапці, а элеганцкія боты і майткі з добрага сукна, ды з лампасамі, як у казака або генерала (Я. Колас. Дрыгва – Др., 153).
Макат [польск.] м Габелен. [Псіха]: Калі страшнейшы крык бухне, заглушаць Яго на сценах тут блюшчы й макаты... (Я. Купала. Эрос і Псіха – Зб. тв., VII, 151).
73 👁