Старонка 300
◀ / 658 ▶
дабро дзесьці ў лёхах схавалі / прысягай святой сябе моцна звязалі (В. Дунін-Марцінкевіч. Люцынка, альбо Шведы на Літве – Тв., 329). Усе аднагалосна выказвалі, Што бібліятэка гэтая была тады схаваная, і сяньня ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах (В. Ластоўскі. Лябірынты – Тв., 81). Менавіта на чыстым двары пераважна размяшчаецца «склеп», або (на поўдні) «лёх» (У. Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі – ЗБК, 35). [Песня Блуднага рыцара]: За тваю [Псіхі] чэсць Свой рыцарскі аддаці труд – Муры разрушыць і знішчыць лёх гэты, Й вянок з рож табе сплесць (Я. Купала. Эрос і Псіха – Зб. тв., VII, 126). Лібар [ад польск. libra] м. Старая мера вагі паперы, прыкладна каля аднаго фунта (400 г). Не дабіўшыся на сходзе ніякага скутку, мы распачалі працу ў іншым напрамку: ..сабралі грошы і купілі некалькі лемантароў, пяць лібараў паперы і адчынілі школу (Я. Колас. Пісоўныя работы курсантаў слуцкіх настаўніцкіх курсаў – Зб. тв. у 14 т., XI, 34). Лівонцы мн. Члены Лівонскага ордэна. ..там лівонцы, там прусакі, там венгры, татары, пра ўсіх трэба думаць (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 155). Першае паведамленне, кастрычніцкае: лівонцы разбілі буйны маскоўскі атрад (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 152). Лівы мн. Племя фіна-угорскага паходжання, якое жыло на ўзбярэжжы Рыжскага заліва на поўнач ад Заходняй Дзвіны і ў ніжнім цячэнні ракі Гаўі, паўночным узбярэжжы Курземскага паўвострава (нашчадкамі гэтага племені з'яўляецца невялікая этнічная група ў ваколіцах Вентспілса (Латвія). Гэты націск занепакоіў прускія плямёны, земгалаў, латгалаў, ліваў, эстаў, аўкштайтаў, жамойцаў, яцвягаў, ён хвалюе Полацк і Ноўгарад (Г. Далідовіч. Кліч роднага звона – КРЗ, 84). [На карце] бурштынавымі каменьчыкамі адзначаныя былі крэпасці і гарады не толькі Княства, але і суседзяў – ліваў, зямгалаў, ляхаў і, вядома, немцаў (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 519). Ліваў шмат, гэта так. Але ёсць розныя лівы. Ёсць вейналы і турайдскія лівы. Ёсць Каўпа, які верна служыць Рыму. І быў Ако, фанатычны вораг усяго тэўтонскага племені (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 192). Лік м. (высок.). Твар. ..вывешвалі Міндоўгавы выявы – конніка з узнятым мячом, а таксама агромністыя палотны з лікамі Спаса і Маткі Боскай (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 311). // вобразн. Хмарка свой бледны лік, Дзе лунаў маладзік, Ціхавейна ўзняла (Я. Купала. Хмарка і маладзік – Зб. тв., III, 92). Ліктар [лац. lictor] мн. У Старажытным Рыме – пачэсны вартавы, які суправаджаў вышэйшых магістратаў і насіў у руцэ фасцыю – пук звязаных галінак з сякерай у сярэдзіне, – як знакам годнасці магістрата. З відовішча надвячоркам У тэрмі схаваўся Святы кесар з ліктарамі (Я. Колас. Неафіты – Зб. тв. у 14 т., X, 570).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
80 👁
◀ / 658 ▶