Лячэбны пункт пры воінскай часці. [Старшыня:] – Заўтра я павяду ўсіх.. у акалодак рабіць уколы (В. Каваль – ТСБМ, I, 207). Акалодачны і акалотачны м. Паліцэйскі ў дарэвалюцыйнай Расіі, які кіраваў акалодкам; акалодачны наглядчык. Патаргаваўшыся яшчэ трохі, акалодачны паказаў рукою на паліцыю і сказаў: «Калі ты будзеш стаяць на сваім, дык завяду ў акалодак!» (Я. Колас – ТСБМ, I, 207). Яму [урадніку] даюць павышэнне, пасылаюць у горад, робяць акалодачным, потым прыставам, а потым ... і пайшоў наш ураднік угору, як цыган па драбінах на неба (Я. Колас. Соцкі падвёў – Зб. тв., у 12 т., IV, 27). Лабановіч і не апамятаўся, як да яго падбег зусім яшчэ малады і плюгавы на выгляд акалодачны (Я. Колас. На ростанях – На ростанях, 607). Тут Смашыньскі пачаў прасіць дзяжурнага акалодачнага Іванова адпусціць яго дахаты (Ф. Багушэвіч. Забойства акалодачнага – Тв., 151–152). Яго [кіраўніка «Народнай волі»] высачыў акалотачны (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 284). Аканом м. Кіраўнік гаспадаркі ў панскім маёнтку. [Сабковіч]: Пісар, войт ці аканом Называлі балваном, – Як пачулі толькі грошы, То знайшлі й розум харошы (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты – Тв., 136). Расейскае войска разрабавала яго Нясвіж, і толькі верны замкавы аканом паспеў, па чутках, таемна закапаць дванаццаць срэбных апосталаў (У. Арлоў. Сны імператара – МКГ, 120)... на вялікдзень разам з аканомам і старастаю разносіла [Альбіна] па хатах пафарбаваныя рознакаляровыя яйкі-маляванкі (М. Віж. Лабірынт – Л, 146). Вось аканом пузаты, На чым ёсць свет, раве (Я. Купала. І як тут не смяяцца – Зб. тв., I, 28). Вінцук ужо сам быў з вусамі і кіраваў маёнткам, праз аканомаў, зразумела (І. Гурскі – ТСБМ, I, 208). Разам з Жывенай ехалі аканом і яго памочнік – малады грэк Гермаген (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 189). Чые аканомы паспелі ўжо пакласці на краёчак поля ўначы выпечаны хлеб, соль і напоі і пакланіцца святой ніўцы ад імя гаспадара? (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 410). Маёнткамі яго [пана Вашамірскага] кіравалі аканомы (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 37). У гэтую самую хвіліну «младзенец Езус», трохгадовы хлопчык аканома, заплакаў (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 89). Аканому Яўхіму Грынявіцкаму таксама хацелася спачыну (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 15). Аканомка, ж. да аканом. Тым больш бясшкодны [немец] зусім, паскудстваў нікому не чыніць. Толькі што прыйдзе ўвечары да аканомкі і просіць: «Гнедзіге фрау... Айн гляс шнапс...» [«Дастойная фрау ... Шклянку шнапсу...»] (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 79).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
90 👁