Адседка ж. Тэрмін зняволення. Нас самавольна земскі карае, Душыць, саджае ў адседкі (Я. Купала. З песень мужычых – Зб. тв., III, 323). К таму за нашэньне пры сабе аружжа ўрадовыя абвесткі гразілі вялікім штрафам і адседкай (В. Ластоўскі. Сябра з каўбасай – Тв., 40). І калі-б у камары было хоць крыху вальней, ён палічыў-бы гэта за лепшае да канца сваёй адседкі (М. Цэлеш. «Янка сеяў – людзі жалі» – ХБ, 133). Адыходнік м. Селянін, які часова ідзе з вёскі на пабочныя заработкі. [Антон:] – Людзей многа прыбавілася ў вёсцы, розныя адыходнікі дадому вярнуліся (А. Рылько – ТСБМ, I, 198). Фарміруецца пралетарыят. У 60-х гадах яго тысячы 3, на рубяжы стагоддзя – 25 тысяч плюс 10 тысяч чыгуначнікаў, 40 тысяч сезонных рабочых, 70 тысяч саматужнікаў, 150 тысяч рабочых сельскагаспадарчых, 50 тысяч адыходнікаў (У. Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі – ЗБК, 152). Адыходніцтва н. Занятак адыходніка. Беззямелле, а значыць – звязанае з ім адыходніцтва, магло абязлюдзіць землі, згаліць і вёску і маёнтак, укрыць палі буянай повенню пустазелля (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 116). Ад'ютант м. 1. У дарэвалюцыйнай рускай арміі з XVII ст. – пасада афіцэра, адказнага за справаводства ў штабах. – Ад'ютант для асобых даручэнняў пры пецярбургскім ваенным генерал-губернатары (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 175). ..разам з Тапаром застаўся ягоны ад'ютант Здзіслаў Міткевіч і яшчэ двое: вольны слухач земляробчага інстытута Сокалаў з прастрэленай рукой і камандзір ужо няіснага першага плутона студэнт Восіп Антонавіч (У. Арлоў. Пяць мужчын у леснічоўцы – МКГ, 229). Тады Смашыньскі з просьбай аб звальненні звярнуўся да акружнога ад'ютанта (Ф. Багушэвіч. Забойства акалодачнага – Тв., 152). 2. У Францыі ў XIX ст. – афіцэр у палку, які адказваў за навучанне унтэр-афіцэраў і капралаў. Δ Генерал-ад'ютант – прыдворны ваенны чын у свіце манарха; асоба, якая мела такі чын. У халодных, сырых сценах Аляксееўскага равеліна перажываў свой раман князь Сяргей Васільевіч Трубяцкі, сын былога генерал-ад'ютанта Аляксандра I князя Васіля Сяргеевіча (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 92). Ажаролкі [стараж. ожерелокъ] мн. Каралі. Кубкі, зброя каштоўнейшая, місы залатыя і срэбныя, манеты скрынямі, пярсцёнкі, бранзалеты, ажаролкі, зліткі і срэбныя і залатыя з каменнямі, кнігі, чашы для прычашчэння, дзіскасы, манстранцыі, кандэлябры, рэліквары, іконы дзівоснай работы і абклады – дзіва (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 252).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
93 👁