Старонка 279
◀ / 658 ▶
мені – жоўтыя шкляныя пацеркі – глядзеў сабе пад ногі (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 542). Але абодва [мужчына і хлопчык] былі апаясаныя мясцовымі пасамі – звыкла віселі на іх капцюхі, сцягнутыя раменьчыкамі з нанізанымі на іх рознакаляровымі пацеркамі, а ў хлопчыка на шыі матляўся кудмень – засцерагальнік з бронзавых бразготак (там жа, 566). Кузня і кузьня ж. Майстэрня для апрацоўкі металу ручной коўкай. І кузня звінела, Аж рэха йшло ў даль... І выкаваў [каваль] волю, Як іскру, як сталь (Я. Купала. Чырвонай Арміі паходы – Зб. тв., IV, 334). Уласьнік кузьні, каваль Іцка, з чорным закураным тварам, рыжаватай барадой, штодзень праходзіў ля школы ў кузьню (М. Цэлеш. Курылка – ХБ, 235). Кука ж. Таемны падарунак. ◊ Куку ў руку – хабар, звычайна грашовы. Пасябраваў, сволач, з Мусатавым, даў яму, кажуць, куку ў руку, толькі каб той памог яму спаймаць таго збеглага мужыка, што кінуў вілы... (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – ЭСФ, 204). Кукейноскі, прым. Які мае адносіны да Кукейноса. – Надоўга запомняць тэўтоны кукейноскі меч і зразумеюць, што за кожную нашу слязу патрэбна плаціць сваёй слязою (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 274). Кулага ж. Ежа, прыгатаваная з густа заваранай жытняй мукі. Была ў іх з затаўкай [заправай] крупеня, кулагу пхалі ў жываты; Была ў іх гушча і драчона. І парасяціна смажона (В. Равінскі. Энеіда навыварат – Зан., 52). Кулак м. Багаты селянін-уласнік, які выкарыстоўваў наёмную працу беднякоў і быў залічаны савецкай уладай да ворагаў народа. Кулакі прыходзілі на выбары, апранутыя ў лахманы, у парваныя світкі. Бедныя, наадварот, апраналіся ва ўсё лепшае (З. Бядуля. Дзесяць – Выбр. тв., 161). Гаспадар – кулак багаты, – Як заўсёды стаў круціць, Толькі б меней заплаціць (А. Александровіч – ТСБМ, II, 751). Адно зьдзекі з народу нашага: былі нацдэмы – вучняў забіралі ў турмы, а цяперака кулакі – высылкі ў сібірскую немарач... (М. Цэлеш. У імя догмы – ХБ, 25). Δ Кулакі-асаднікі: Зніклі насаджаныя польскім імперыялізмам хутары кулакоў-асаднікаў, якія трымалі ў парабкаванні навакольныя вёскі (Я. Колас. Уз'яднанне – ТС, 184). Макарка ведае, што паны стварылі так званыя «ўсходнія крэсы» і засялялі іх польскімі кулакамі-асаднікамі (Я. Колас. Макарка Навак – Зб. тв. у 12 т., V, 396). Кулацка-буржуазны, прым. Які мае адносіны да кулакоў і буржуазіі. Польскі фашызм .. у гэты самы час імкнецца з дапамогаю кулацка-буржуазнай верхавінкі акупаванае Беларусі стварыць арганізацыі,
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
84 👁
◀ / 658 ▶