2. Месца пабудовы і абсталявання ваенных караблёў.
Аднаасобнік м. Селянін, які меў асобную, самастойную гаспадарку і не з'яўляўся членам сельскагаспадарчай арцелі. Што ты спіш? для каго? Эх, аднаасобнік! Адзіноцтву, бядзе Дасужы падсобнік (Я. Купала. Аднаасобніку – Зб. тв., IV, 341).
Аднаасобніцкі, прым. Які мае адносіны да аднаасобніка. Зрэдку наводдаль ад вёсак кавалкі поля, падзеленага на шнуры. Гэта аднаасобніцкая зямля (П. Галавач – ТСБМ, I, 156).
Аднаасобніцтва н. Становішча аднаасобніка. [Грасыльда:] – Кінуў тады наш Міхал сваё аднаасобніцтва, сагнаў некуды каня, відаць, прадаў недзе далёка ад Лонвы, і пайшоў у лес на падсочку (I. Пташнікаў – ТСБМ, I, 156).
Аднадворцы м. 1. Падатковая катэгорыя сельскага насельніцтва на Беларусі ў XIX ст. (утворана ў 1831 г. з дробнай сельскай шляхты, пераведзенай у заходнія губерні паводле палітычных (за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг.) і фіскальных меркаваннях); сяляне, паселеныя царскім урадам на ўскрайку імперыі для аховы яе граніц. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 303–304). Вот у каменны палаты Сходзяцца паны багаты, Золата на іх кіпіць; Мужычкоў туды прыводзяць, I аднадворцы прыходзяць, Там на службу маюць брыць (В. Дунін-Марцінкевіч. Гапон – Тв., 186–187). 2. У Маскоўскай Русі – служылыя людзі ніжэйшага разраду, якія валодалі невялікім зямельным ўчасткам на правах служачага маёнтка, а пазней фактычна былі прыроўнены да сялян.
Адносчык м. (спец.). Той, хто адносіць, пераносіць што-н. ..адносчыкі, фармоўшчыкі (што ціскаюць форму) зарабляюць 15–20 к. у дзень (Я. Купала. З гуты «Залессе» – Зб. тв., VII, 191).
Адправа [ст.-бел. отправа – 1. Выкананне судовай пастановы, спагнанне грошаў, маёмасці. 2. Грашовая сума, спагнаная ў выніку выканання судовай пастановы. 3. Адбыванне набажэнства. 4. Адкрыццё, адпраўка] ж. Прысуд і выкананне прысуду. – Ну што ж, – усміхаецца коннік. – Насмеліўся ты на жонку, на майно маё кусіціся, то не скардзіся цяпер і на маю адправу (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 164).
Адроддзе [ст.-бел. отродокъ – нашчадак] н. Пакаленне, род. З двух бакоў насоўвалася страшная небяспека: з боку адроддзя магутнага старога дрэва Ракутовічаў, з боку ўсяго гэтага пераплеценага сваяцтвам, традыцыямі і паданнямі клана, які зараз «чырванеў» на вачах і яшчэ з боку мужычча, якое адчувала сваю сілу і значнасць (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 262).
93 👁