Кобза [укр.] ж. Старадаўні ўкраінскі струнна-шчыпковы музычны інструмент, першапачаткова асаблівага тыпу (зараз атаясамліваецца з бандурай). Ад гасцінца да гасцінца, Ад хаты да хаты Звініць кобза украінцам Аб вялікім святу (Я. Купала. Памяці Шаўчэнкі – Зб. тв., II, 82).
Кобнік м. Вядзьмак, чарадзей.
Δ Князі-кобнікі: Яцвяжскія князі-кобнікі павінны зразумець, што калі яны не падтрымаюць нас, прыйдзе Міндоўг, прывядзе літоўцаў з навагараджанамі і растопча іх (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 182).
Ковы мн. (паэт.). Кайданы. Дзень і ноч у кухнях-горнах Ладзяць, клеплюць ковы (Я. Купала. Дрэмле Юрка – Зб. тв., III, 319).
Козлы мн. 1. Сядзенне для фурмана ў перадку экіпажа. Кандрат размясціў рэчы, дапамог Мсціславу сесці, а сам ускараскаўся на козлы (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 286). // вобразн. А Вы б [рэдакцыя часопіса «Шлях моладзі»] тады, седзячы на козлах і стоячы на запятках гэтага фаэтона, хрысцілі б гэтую моладзь бізуном (Я. Купала. Вільня. Рэдакцыі «Шлях моладзі» – Зб. тв., VII, 231).
2. Прыстасаванне з трох жэрдак для падвешвання калыскі. Жаць пойдзеш [дзяўчынка] далёка ці блізка, Муж пойдзе араць ці касіць. З табой йдзе дзіцё, – і калыска На полі на козлах вісіць (Я. Купала. Сватаная – Зб. тв., I, 346).
Коймінец [ст.-бел. койминець < літ. kaimynas] м. Нявольны селянін, якога гаспадар надзяліў зямлёй і той жыў не на двары вотчынніка, а асобным домам. Таўцівіл з Эдзівідам, апёкшыся каля такіх сцен, пачалі паліць навакольныя весі, браць у палон Міндоўгавых коймінцаў (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 58). Сотні коймінцаў пад наглядам кунігасавых дружыннікаў цягалі з лугоў і палёў велізарныя камяні, секлі дрэвы, капалі пясок і гліну (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 62).
Кол м. Невялікі ўчастак зямлі; надзел каля хаты (у некаторых мясцінах – шырынёй у два сажні).
◊ Ні кала ні двара – зусім нічога няма, не было ў каго-н. Добра табе, халасцяку, ні кала ні двара, сам сабе галава. А тут – чацвёра ў доме, і малыя! (В. Быкаў. Трэцяя ракета – ЭСФ, 270).
Кол м. Вешалка. Сяк ды так пад'еў [Янка]; Вылез з-за стала, Вопратку ўздзеў, Шапку зняў з кала (Я. Купала. Янка Канцавы – Зб. тв., I, 107).
Коленскі [ст.-бел. коленский, коленьский, колиньский – які мае адносіны да горада Кёльна], прым. Кёльнскі. Ад яе [княгіні] пахла коленскай вадой, духмяным дымам ядлоўцу – відаць, перад сном грэлася ля кафлянай печы (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 545). ..коленская курыльніца, зробленая ў выглядзе вастраверхага замка, з трубаў якой
73 👁