Адамашак [ст.-руск. адамашка, одомашка, дамашка; ст.-бел. адамашка, одамашка, одомашка] м. Шаўковая тканіна з Дамаска. Той [малодшы Ягайла], у падбітым мехам жупане з адамашка, стаяў злева Альгерда – чырванашчокі, з круглымі наіўна-хітраватымі вачамі пад рыжым каўпаком, паклаўшы руку на похвы, адкуль выглядала дзяржальна мяча з чорнымі эмалевымі насечкамі (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 603). Адамашкавы [ст.-бел. адамашковый, адомашковый, едамашковый, одамашковый, одомашковый, ядамашковый], прым. Зроблены з адамашку. З-пад чорнага кунтуша ў залатыя травы выбіваецца адамашкавы жупан (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 164). Яны выйшлі з царквы; ён [Альгерд] – у лазуровым шаўковым каптане і шапцы, абітай собалем, яна [Марыя] – у чырвоным адамашкавым летніку з брамамі аксамітнымі і намітцы, вышытай таксама чырвоным ядвабам, і народ упаў на калені, а яны разам ступілі на пушысты зялёны каберац, пасцелены адразу за царкоўным парогам (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 548). Яна [дзяўчына] цяпер хадзіла ў адамашкавай сукні, што шчыльна аблягала яе стан, і ў белым празрыстым караблiку-вэлюме, што абвяваў тварык і надаваў яму таямнічасць (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 372). Кранула, што маці, чакаючы яе, відаць, ужо колькі дзён апраналася ў лепшае: на цёмнай сукні – летнік адамашкавы з аксамітнымі ўстаўкамі, на галаве – намітка з вісону (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 116–117). Аддзел м. Выдзелены бацькам сыну надзел зямлі. Мікодым, як большы сын, па спрадвечнай завядзёнцы пайшоў на аддзел і паставіў сабе хату не поруч з бацькавай, а ў другім канцы водруба (Р. Сабаленка – ТСБМ, I, 130). Аддзяленне н. Частка ўстановы. Вось паведамленне кіеўскага губернатара Фундуклея: «III аддзяленне ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі..» (Я. Купала. Да юбілею вялікага паэта-рэвалюцыянера. – Зб. тв., VII, 291). Адзедзічаваць [ад дзедзіч – спадчыннік] зак. Атрымаць у спадчыну. – І скарб вы ў ніжняй каморы адзедзічавалі. І хата раскошная, акругле сем сажняў (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 199). Адміралцейскі, прым. Які мае адносіны да адміралцейства. Гляджу на сонныя грамады Пустынных вуліц, як блішчыць Адміралцейскі ў высях шпіц (Я. Купала. Медны коннік – Зб. тв., V, 354). Жахнуў агонь напорны, мгненны, І мрок прарваў на колькі міль: Адміралцейскі бліснуў шпіль (Я. Колас. На шляхах волі – Зб. тв. у 14 т., X, 393). Адміралцейства н. 1. У царскай Расіі – марское ведамства; будынак, дзе яно размяшчалася. Плыў у небе карабельчык над адміралцействам (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 120).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
96 👁