вала віно і мёд у кубкі Халадку і Грыкшу (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 94).
Кіпаць м. (зневаж.) Даўнейшае прозвішча скупога мужыка, кулака. – І калі хочаш, каб увесь горад цябе па языках трапаў, каб усе ў цябе пальцамі торкалі і казалі: «Вось, кіпаць, мужык прагны, сябра, чулі, як шкадуе, як выручыць не згадзіўся?..», калі хочаш прытчай і наруганнем агульным быць – тады прыходзь праз тыдзень за другой паловай [збожжа] (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 35).
Кіпчакі (кыпчакі, полаўцы) мн. Сярэдневяковая народнасць цюркскай групы (у X ст. займала тэрыторыю паўночна-заходняга Казахстана). – Нашы татары і пяць тысяч кіпчакоў сядуць у сядло, і я чакаю, князі, паны, намеснікі і старасты, поўнай адказнасці (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 348).
Кірмаш [ням. Kirmes з Kirchmesse] м. Прастольнае свята пры царкве, касцёле, манастыры. Кожны год на Міколу манастыр наладжваў кірмаш. З усяго наваколля туды з'яджаліся паны, купцы, мяшчане.. На хорах спявалі суровыя манахі (А. Асіпенка – ТСБМ, II, 688).
Кірха ж. Лютэранская царква. [Ізабэла:] – Гэта мой Вульфіл дзень і ноч думае пра ўсялякія сумныя рэчы – як лепей упрыгожыць кірху, колькі эмалі пойдзе на кожнае акно і ці будзе ён дастойны свайго імя (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 245).
Кірэя [укр.] ж. Доўгі футравы мужчынскі плашч. А з-пад яру Ў кірэі казачай Хтось крадзецца (Я. Купала. Гайдамакі – Зб. тв., V, 463).
Кісет [ад перс. kisä – кашалёк] м. Тое, што капшук. Сядзім з дзедам Лявонам на маіх калёсах, курым з яго кісета пахучую махорку (В. Каваль – ТСБМ, II, 689).
Кісцень [тат. kistän – кій] м. Даўнейшая зброя ў выглядзе кароткай палкі, на адным канцы якой падвешваўся металічны шар для нанясення ўдараў, а на другім была пятля для надзявання на руку. Запясце Корчака абвіваў рамень кісцяня. Кісцень пагойдваўся. Калючы сталёвы шар, падобны на шышку дурнап'яну (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 218). Пяцёра здаравенных ці то мужыкоў, ці то мяшчан у паддзёўках. У двух у руках шкворні, адзін з нажом, яшчэ два – з кісцянямі (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 334). Тэўтоны, як шалёныя, лезлі на вал, ды там сустракалі іх мячы і коп'і, рогвіцы і шастапёры, камяні і дубіны, сякеры і кісцяні (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 292).
Кітайка [ст.-бел. китайка – гатунак шаўковай або баваўнянай тканіны; цюрк. Kytai] ж. Шаўковая тканіна. – Спачываць у мяне будзеш на пярынах двойчатых, пад чырвонымі кітайкамі (В. Ластоўскі. Пры
77 👁