ра, які нясе на плячах агнца (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 71).
Агніска [ст.-бел. огниско] н. Агнішча, вогнішча. Альгерд жа яшчэ доўга стаяў ля дзіды, успамінаючы чырвоную гліну размяклай ад шалёнай вады дарогі, цёмную навальнічную хмару над кузняй і агніска, якое раздзімаў каваль, названы ў гонар маці – княгіні Вольгі (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 553).
Агніца ж. Невялікая пасудзіна з кнотам, якая напаўняецца драўляным алеем і запальваецца перад абразамі; лампада. Па харомах вяльмож і царкоўных званіцах Анямеў п'яны спеў і патухлі агніцы (З. Бядуля – ТСБМ, I, 104).
Агнішчанін [ст.-руск. огнищанинъ – багаты знатны чалавек, уладальнік дома] м. Прадстаўнік вышэйшых слаёў рускага феадальнага грамадства ў ранні перыяд яго існавання (да XII ст.). На сёмуху былі добрыя прыкметы: ярка гарэлі вогнішчы, і мабыць,данесліся да багоў з дымам памкненні вернікаў, таму што сонца ўперамешку з гаючымі дажджамі нібы выцягвала з зямлі кожную слабую раслінку, песціла яе, і радасна завіхаліся на палетках агнішчане і простая чадзь (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 69). // Гаспадар пасекі, «агнішча»; «княжы муж». – Я дам вам хлеба, а вы майму агнішчаніну Някрасу аддасцё зарэчны луг, на якім пасвілася абшчынная гавяда (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 106–107).
Δ Баярын-агнішчанін: Брачыслаў заўважыў іх вострыя цікаўныя вочы і глянуў на баярына-агнішчаніна (В. Іпатава. За морам Хвалынскім – МХ, 10).
Аграфка [фр. agrafe; польск. agrafa] ж. (разм.). Своеасаблівая шпілька, якая ўжывалася для прымацавання чаго-н. да адзення, змацавання тканін; англійская шпілька. – Міша, – пазвала.. [жанчына] раптам маленькага хлопчыка.. – Я табе, сынок, пакладу ў кішэню ключ, а каб не згубіў, прышпілю аграфкай (А. Карпюк – ТСБМ, I, 106)
Агул м. Калектыў. Іхная-ж тут карысьць: будуць сядзець на карку агулу ды гарэлку смактаць (М. Цэлеш. У імя догмы. – ХБ, 27).
Агуркі мн. Завязаныя вузельчыкі на белым шнурку, якім падперазаўся барнадын. То дабродзей ксёндз Рабак дзяржаў абаручна паднятыя угору бяленькі шнурочкі: «Агуркоў хочаш, вашэ? – маеш агурочкі! Не лезь, панок, у шкоду – памеж гэтай наці Агурок не для цябе, зася ад дзяўчаці!» (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Зан., 461–462).
Адамантавы [ст.-руск. адамантъ – алмаз; ст.-бел. адамантовый, адамантыновый], прым. Алмазны. // перан. Нездарма кіеўскі біскуп Залускі кажа, што ў Лышчынскага адамантавае сэрца (У. Арлоў. Місія папскага нунцыя – МКГ, 182).
99 👁