Старонка 232
◀ / 658 ▶
VIII, 30). Крэсавыя сёлы і вёскі аж кішэлі паліцыянтамі, рознымі канфідэнтамі (Р. Сабаленка – ТСБМ, II, 747). Канфітур [польск. konfitury] м. Канфіцюр, варэнне. [Адэля]: Адзя, добры хлопчык, не кажы так наперад, бо можаш папсаваць усе нашыя планы. Хадзем. Я дам табе канфітур (В. Дунін-Марцінкевіч. Залёты – Тв., 164). А паненкі ж? твар як трэба, Але ж вопраткі, хвігуры?.. ну не ядуць, мусіць, хлеба, Адны толькі канфітуры! (Ф. Багушэвіч. Смык беларускі – Зан., 435). Канцлер [ст.-бел. канцлеръ < ням. Kanzler] м. У феадальных дзяржавах сярэдневяковай Еўропы – кіраўнік дзяржаўнай (каралеўскай) канцылярыі, хавальнік дзяржаўнай пячаткі. Пані Беата таксама атрымала ліст ад вялікага канцлера Княства Мікалая Радзівіла (В. Іпатава. Чорная княгіня – МХ, 299). Зусім даканала [Алена] канцлера яшчэ адной нечаканай просьбай: «І знайдзі мне добрага настаўніка музыкі» (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 53). Праз некалькі дзён царскага наследніка прызначылі канцлерам Аляксандраўскага універсітэта ў Фінляндыі (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 27). Канцлерства [ст.-бел. канцлерство] н. Пасада канцлера. Але не дабіцца гэтага, калі не здолее ён [Радзівіл] перадаць канцлерства сыну Мікалаю (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 103). Канчар [ст.-бел. кончеръ; польск. koncerz, чэш. končíř < тур. chandžär] м. Меч з вузкім клінком. Абаронены кальчугай-байданкай, з буйнымі пляската кутымі кольцамі, жалезнай шапкай, узброены вузкім канчаром і дагай, маскавіт адчуваў сябе ўпэўнена (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 171). Канюшы [ст.-бел. конюшый, конюшей, конюший – 1. Канюшы. 2. Конюх] м. Службовец, які загадваў княжацкімі, царкоўнымі канюшнямі. [Роберт:] – ..аўгуст патрабуе, каб ты прывёў з сабою і тваю наложніцу. [Канюшы:] – Для чаго? – толькі і змог выгаварыць галоўны канюшы (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 204–205). «Ахці-хці-хці», – запрычытаў княжацкі канюшы Пелка. Кароль жа Міндоўг, разгледзеўшы худзенькага няскладнага падлетка, падобнага да дзьмухаўца з шапкай вогненна-залатых валасоў, раптоўна разрагатаўся (там жа, 64). – Будзеш канюшым маладога пана, Логвін, – сказаў пан Юры (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 55). Бяжы на стайню да старшага канюшага Амялляна (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 182). Якаў з канюшым Амяллянам заліваў трэшчыну на конскім капыце воскам (там жа). І былі Барэйкі яцвяжскія князі, свае дружыны мелі, і свае канюшыя падводзілі ім коней (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 267).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
◀ / 658 ▶