Абсалюцыя [ст.-бел. абсолюция; польск. absolucja < лац. absolutio] ж. Адпушчэнне грахоў. Грахі ўсіх мусіў прыняць на сябе; дзякуй Богу, што споведзь была з абсалюцыяй і без пакуты (Ян Баршчэўскі. Юлі Корсак – Выбр. тв., 418).
Абставы мн. Абставіны. Абставы надта загадковы (М. Гарэцкі. Рунь – Р, 5).
Абстаўна, прысл. Падрабязна. Далей пісаць абстаўна яго жыцьцё я не магу дзеля таго ж яго «шаноўнаго» сьвецкаго дзядзькі, каторы цяпер працуіць ў канцэлярыі аднаго губэрнатара (М. Гарэцкі. Рунь – Р, 5).
Абуцце н. Абутак. Каб выглядаць вышэйшым, яго [ксяндза] абуцце было на высокіх абцасах (З. Бядуля. Салавей. – Выбр. тв., 88).
Абхопліваць незак. Ахопліваць. І нейкі радасны смутак абхопліваў усю ягоную [Кузьмы] істоту (М. Цэлеш. «Янка сеяў – людзі жалі» – ХБ, 134).
Абшарнік м. Уладальнік вялікіх абшараў зямлі; памешчык. [Юліян Козіч] пачаў расказваць, які ладны кавалак зямлі адрэзалі яму ад масіваў былога абшарніка Ёдкі (А. Бялевіч – ТСБМ, І, 88). – А! – азваўся адзін з абшарнікаў, – пан Ладунскі напалохан бальшавікамі, і ён лічыць іх за вялікую сілу (Я. Колас. Дрыгва – Др., 98). Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае «законныя» маёнткі і сядзібы, а сяляне каб вярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў (там жа, 103).
Δ Паны-абшарнікі: Пасля набажэнства радавітая шляхта, паны-абшарнікі і ваенная арыстакратыя заходзяць да ксяндза Пацейкоўскага на «шклянку гарбаты» (Я. Колас. Дрыгва – Др., 144).
Абшарніцкі, прым. Які мае адносіны да абшарніка, належыць яму. [Паддубны:] – З дымам пажараў пускаюць паўстанцы абшарніцкія маёнткі (П. Пестрак – ТСБМ, І, 88).
Абшчына ж. Самакіравальная арганізацыя жыхароў якой-н. тэрытарыяльнай адзінкі. Мужыкі размяркоўваліся па сельскіх абшчынах, вотчынная паліцыя непасрэдна падпарадкаваная пану, сачыла за парадкам у кожнай вёсцы (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, ІІ, 115).
Абывацель м. Сталы жыхар якой-н. мясцовасці. Так Сяргей Пятровіч зрабіўся абывацелем горада Сярдзечанска (Ц. Сяргейчык – ТСБМ, І, 89).
Абыход [ст.-бел. обыходъ] м. Гаспадарка. [Маці:] – Аб чым гаварылі, не ведаю, але абыход наш цяперака ніхто не чапае... (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 125).
Абэрак [польск. oberek] м. Польскі народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе. У польцы і абэрку.. [Ян Янавіч] таптаўся адзін, як вучоны мядзведзь (Я. Брыль – ТСБМ, І, 92).
101 👁