Старонка 222
◀ / 658 ▶
калугер выдатна разумеў, што не яго так прывячаюць-велічаюць гордыя князі (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 226). Калчан [ст.-руск. колчанъ] м. Скураная або драўляная сумка, чахол для стрэл. Падзівіўся на двухгаловых хвастатых звяроў, што шчэрыліся з калчанаў (У. Арлоў. Дзень, калі ўпала страла – МКГ, 10). З вечара адзявалі мяне, кажа [Святаслаў], у чорную пасцілку на цісовай краваці; .. сыпалі мне з пустых калчанаў паганых полаўцаў буйныя пэрлы на грудзі (Я. Купала. Слова аб палку Ігаравым – Зб. тв., V, 241). ..ён [Альгерд] гнаў свайго каня, не зважаючы на тое, што торба з падстрэленай лісіцай мякка калаціла па скураным поршні левай нагі, а калчан з лукам – па правай (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 483). [Альбрэхт:] – Можа, ты ўжо чуў пра паляўнічага Альбрэхта – гэта значыць пра мяне? [Хлопчык:] – Пра гэта гавораць нават сцены... І твой дарагі калчан, хаця і без стрэлаў (там жа, 126). Жывена так і не даведалася, ці пашкадаваў ён у апошнія свае хвіліны таго, што не дабіў Ота, які таксама на апошнім дыханні дапоўз да калчана са стрэламі і здолеў пусціць гэтую [стралу], каб дзіка зарагатаць і тут жа памерці (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 117). Кальчуга [ст.-руск. кольчуга] ж. Даўнейшы воінскі даспех у выглядзе рубашкі з металічных кольцаў. Пыл клубіцца па дарогах ад дзесяткаў тысяч ног. Зіхацяць на сонцы бліскучыя шаломы, шчыты і кальчугі (В. Вольскі – ТСБМ, II, 594). На сценах вісела дарагая зброя – кальчугі, мячы, дзіды, нават славянскія шаломы (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 215). І ўвесь ён [ганец] быў як ахутаны шчыльнай татарскай кальчугай – баданай (там жа, 97). Ваявода сядзеў ля дзвярэй, ягоная кальчуга была парваная каля горла (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 390). – Маю кальчугу, – коратка кінуў князь, і Цімафей зноў кіўнуў памочніку, а той амаль адразу ж выцягнуў з самага вялікага куфра тонкую металічную кальчугу – звон яе кольцаў аддаўся ў самых далёкіх кутках вялікае залы (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 539). Плеценая са стальнога дроту кальчуга была на ім, бо баяўся тэўтон, што нападуць на яго ў дарозе (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 142). [Бацька:] – Я сам бачыў чалавека, у якога на кожным дробным кольцы кальчугі была выбіта назва месца, дзе яны рабіліся: сутычкі і сечы, змовы і паядынкі... Чалавек той быў мой бацька (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 72). А на Падоллі – сонца, духата, пекла, у кашулі горача, а тры дні кальчугі не здымалі (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 152). А ён [пані Антоні], нібы трапляючы ў кальчугі вушка, павесіў урачыста на далоні правай Шпіцрутэн, быццам піку для вайны крывавай (В. Дунін-Марцінкевіч. З-над Іслачы, або Лекі на сон – Тв., 395–396).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
78 👁
◀ / 658 ▶