А Абадрыты (бодрычы) мн. Саюз плямёнаў палабскіх славян на чале з аднайменным племем, якія жылі ў ніжнім цячэнні Лабы (Эльбы) у VIII–XII стст. І хто сёння ўспомніць пра абадрытаў – палабскія тыя славяне не існуюць ні як племя, ні нават як назва часткі тых земляў! (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 452–453). Хіба не яны [германцы], ахвяруючы жыццём, рухаліся на ўсход, ператвараючы ва ўрадлівыя нівы лясны гушчар, дзе, падобна мядзведзям, сядзелі пад карчагамі абадрыты і люцічы (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 243). Абардаж [фр. abordage] м. Даўнейшы спосаб марской бітвы: счэпліванне з варожым суднам для рукапашнага бою. ◊ Браць (узяць) на абардаж [фр. prende á l'abordage] – рашуча дзейнічаць у адносінах да каго-, чаго-н. Прыкідваю, быццам ніштаватая машына. Матор паслухаў, хадавую агледзеў, кузаў. Бяру яго [гаспадара] на абардаж. Купляю, бацька: восемсот цяпер, астатнія ў растэрміноўку (А. Дзятлаў. Грышкаў «Масквіч» – ЭСФ, 59). Абаяр м. Персідскі шоўк. Бліскучы ліф з абаяра – персідскага шоўку – ледзь закрываў вялікія грудзі, шальвары з той жа тканіны пачыналіся ніжэй пупка (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 169). Аб'ездчык і аб'ешчык м. Служачы лясніцтва, які адказваў за пэўны ўчастак лесу, працу леснікоў. Вунь як жыве наш аб'ездчык! (М. Цэлеш. Курылка – ХБ, 227). Аб'ездчык дзярэ з мужыкоў хабары (там жа). Бацька ня раз прыводзіў мне прыклад: «Вучыся, вучыся. Мейсца аб'ездчыка знойдзецца» (там жа, 234). ..і ён гатоў ужо быў плюнуць і на той воз дроў, што на каморы абярнуў яму аб'ездчык, і на самога аб'ездчыка (Я. Колас. Тоўстае палена – Зб. тв. у 12 т., IV, 145). Стыднінька, што пакляўся са сьлезамі сам сабе зарэзаць, як вырасьцеш, аб'ешчыка за тое, што ня толькі садраў у ляску хустку у маткі твае за ягады, але і бізуном даў і гідкім, страшным словам зневажыў яе (М. Гарэцкі. Рунь – Р, 14). Абешанне [ст.-бел. обешенье, обешене, обешение] н. Павешанне. Што выбіраць будзеш? Абешанне, або тыдні два ва ўсніяным квасе, каб шкура мацнейшая была, ці сляпымі вас у паток? (У. Караткевіч. Чорны замак Альшанскі – ЧЗ, 164).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
106 👁