Старонка 208
◀ / 658 ▶
Δ Кабаты-шнуроўкі: Чырвоныя, блакітныя, аранжавыя кабаты-шнуроўкі, андаракі – як вясёлка (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 153). Кабацік м. Памянш.-ласк. да кабат. Ў валасах яе русых – пучок размарыну, У кабацік прыгожы прыбрана з мусліну, А спаднічка ў яе – скрозь карункі, хвальбоны – Грубым золатам ткана па полі зялёным (В. Дунін-Марцінкевіч. Люцынка, альбо Шведы на Літве – Тв., 321). – Кагосьці яшчэ няма, – глухім голасам сказаў Алесь. – Мяне, – і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 48). ..я адразу ж утаропілася на яе кабацік, зашнураваны блакітнымі стужкамі, на круглы і пышны, як кветка, каўнерык вакол шыі (В. Іпатава. Чорная княгіня – МХ, 235–236). Каберац і коберац [ст.-бел. коберець – дыван, кілім] м. 1. Кілім; дэкаратыўная тканіна. ..народ упаў на калені, а яны маладыя разам ступілі на пушысты зялёны каберац, пасцелены адразу за царкоўным парогам (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 548). Шабка елмурка сукна лазуровага – дзве копы грошай літоўскіх, поес чырвоный з ножамі – 24 гроша, коберац – 4 копы грошай літоўскіх, хустка, вышываная чырвоным ядвабам, – 2 залатых... (В. Іпатава. Чорная княгіня – МХ, 270). / у параўн. Квяцістыя шырокія дарогі Каберцам перад намі ў свет ляглі (Я. Купала. А мы сабе сеем і сеем... – Зб. тв., IV, 354). 2. Перан. Кветкавая паляна. На курганавым каберцы Нечувалае чуваць, Што ўсё можа толькі сэрца Беларусава паняць (Я. Купала. Дудар – Зб. тв., II, 202). Кабзар [укр.] м. Народны спявак, які акампанаваў сабе на кобзе, заклікаючы да барацьбы з прыгнятальнікамі (у беларускай традыцыі да кабзара блізкі гусляр). Кабзар грае, падпявае, Гамоніць славамі (Я. Купала. Тарасова ноч – Зб. тв., V, 400). Кабзарскі, прым. Які мае адносіны да кабзара, належыць яму. Толькі кліч кабзарскі нёсся гучна ў далі, Прабіваўся ў гушчы, як вечавы звон (А. Гурло – ТСБМ, II, 569). Кабрыялет [фр. cabriolet] м. Лёгкі аднаконны двухколы экіпаж без козлаў з адным сядзеннем. Сядзі на ўзгорку адкуль відна дарога і паварот з яе на загоршчынскі «прэшпект», трымай у руках падзорную трубу і, ледзь толькі ўбачыш карэту ці кабрыялет, якія паварочваюць з дарогі на алею, давай загад тром мужыкам, што завіхаюцца трохі ніжэй, у лагчынцы, ля гармат (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 77). А на зямлі, на ўсім яе густа-зялёным абшары, толькі адна рухомая кропка: едзе дарогаю рысорны англійскі кабрыялет, а ў ім хлопчык адзінаццаці год і трыццацігадовы мужчына (там жа, 38).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 658 ▶