Інакамыслячы, прым. Іншадумны, іншамысны. // у значэнні наз. Вы [слугі алтарныя] – для вітання ў чорнай хвале, Для мітраў, персняў і тыяраў – «Інакамыслячых» каралі крывёй, крыжамі і пажарам (Я. Купала. Слугам алтарным – Зб. тв., III, 79).
Інакіня ж. Манахіня. – Добры дзень, інакіня Анастассія, – лагодным голасам казаў поп (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 86).
Інкасы мн. Тытул манархаў старажытнай цывілізацыі на тэрыторыі Перу; асоба, якая мела такі тытул. Нібыта дзеля таго, каб занатаваць нашыя думкі, абавязкова патрэбны гусінае пяро і атрамант! А inkassy ці ж пяром занатоўвалі сваю гісторыю? Не, яны яе па-павучынаму вязалі на шнурках. Вязалі грубыя думкі на грубых шнурках (А. Гроза. Нечаканы госць – Баршч., 437).
Інкаўст [ст.-бел. инкаустъ, инкавстъ; польск. inkaust < чэш. inkoust < лац. encaustum] м. Чарніла. Яна дастала маленькі скрутак паперы, ачыненае вераб'інае перайка, інкаўст у скураной чарніліцы і пачала пісаць кірылаўскімі літарамі (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 200).
Інквізітар [ст.-бел. инквизиторъ; лац. inguisitor – следчы] м. Член інквізіцыі. – Раздушыце інквізітараў – усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 174). // (лаянк.). – Інквізітар ты... Фараон... Саўл. – Лайцеся сабе, лайцеся (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 53).
Інквізітарскі, прым. (іран.). Які мае адносіны да інквізітара, уласцівы яму. [Пранцісь:] – Собственно, інквізітарскі суд зрабіць – па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да (Я. Купала. Паўлінка – Зб. тв., VI, 206).
Інквізіцыя ж. Следчая і судовая арганізацыя, створаная ў XIII ст. каталіцкай царквой для барацьбы са сваімі праціўнікамі, якая дзейнічала шляхамі тайнага шпіянажу і жорсткіх катаванняў (існавала да пачатку XIX ст.). У дыялогу з Табарам Алена дакарала каталіцкую царкву за інквізіцыю, якая паліць людзей (І. Шамякін. Вялікая княгіня – ВК, 72). – Доказная інквізіцыя засядае, – невядома каму патлумачыў дурыла Якуб, – святая служба (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 208). Мніх усміхнуўся: Урэшце, я дамініканец, майму ордэну даверана святая інквізіцыя (там жа, 281).
Інстыгатар [ст.-бел. инстикгаторъ, инстыгаторъ, инстыкгаторъ і інш. – асоба, якая назірала за правасуддзем; лац. instigator] м. Абвінаваўца. Кантэльмі няраз бачыў інстыгатара на сейме, але ягоная постаць, нейкім дзівам уціснутая ў ласіны жупан з залатымі гафткамі, зноў уразіла нунцыя сваімі памерамі і дрымотнаю дужасцю (У. Арлоў. Місія папскага нунцыя – ПМЛ, 149).
74 👁