ідучы на разбой, яны бяссільныя супраць коннага чалавека ў латах, калі ў таго меч, а ў збраяносца аркебуза ці пулгак (У. Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні – Выбр. тв., 289).
Δ Дзядзька-збраяносец: – Куды вы везіцё нас? – каторы раз задавала яна [Жывена] пытанне старому дзядзьку-збраяносцу (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 115).
Збытні [ст.-бел. збытний, збитный, збытный – залішні, празмерны], прым. Лішні. – Збытнія мы тут людзі, панна Еўка, – уздыхнуў Андрэй (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 107).
Звяздар [ст.-бел. звяздаръ, кгвяздаръ] м. Астраном. Звяздар Вакула рабіў свае разлікі, увесь час зазіраючы ў запісы папярэднікаў (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 298). [Жрэц:] – Адпусці яго са мной, – загадаў я старэйшаму. Той таксама схіліўся ў паклоне. [Старэйшы:] – Вядома, пан звяздар (В. Іпатава. Вяшчун Гедзіміна – АД, 358).
Звяздыш і зваздыш м. Кісцень у выглядзе зоркі, паліца, у якой уся галоўка насаджана цвікамі. Шыпы звяздышоў прабівалі латы (К. Тарасаў. Пагоня на Грунвальд – ТЖ, 391). Андрэй бачыў.. як выпаў з сядла Мікіта Кораб, забіты звездышом (там жа, 388). Але ў абозных табарах перад імі ўсталі на вазах тысячы простых ратнікаў, з цапамі, зваздышамі, рагацінамі, і крыжакоў сустрэў удар, якога яны не чакалі (там жа, 391).
Згамаваць [ст.-бел. гамовати, гамовать – 1. Затрымліваць, запыняць. 2. Стрымліваць. 3. Затрымліваць, не аддаваць, хаваць. 4. Уціхамірваць] зак. Не аддаць, схаваць. – Вы ж ведаеце, што папа рымскі некалі прыслаў князю Вітаўту карону. Але згамавалі яе панове паляцы (В. Іпатава. Чорная княгіня – Пр., 95).
Згон м. Збор усіх сялян без выключэння для адработкі феадальнай павіннасці. Апрача непасільнага прыгону, сяляне выконвалі шмат дадатковых работ, як згоны, варту і інш. (І. Лушчыцкі – ТСБМ, II, 453). По гэтай прычыне нават згон – права гаспадара на рабочыя рукі па-за паншчыннымі днямі, калі гіне на корані ўраджай або залева ці нечаканая летняя палавень пагражаюць вымачыць сенажаці, – павінен быў аплачвацца панамі: ад дваццаці да дваццаці пяці капеек срэбрам на дзень (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 109–110). Надвячоркам трэцяга, пасля пачатку згону, дня Кроераў аконам аб'явіў людзям, што згон не будзе аплачаны, што за яго не будуць плаціць і надалей (там жа, 111). [Янка Губа:] – А раней таго няхай ведае [Кроер] – не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, – ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, а згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам (там жа, 112). – А ты, хаме, цо ці трэба? .. Чы хочаш не ісць на згон? (Г. Марцінкевіч. Адвячорак – Зан., 78–79).
74 👁