Старонка 192
◀ / 658 ▶
Застава [польск. zastaw] ж. Заклад. Мо' ў заставу аддаў [мужык], як падаткі плаціў? (Я. Купала. Эй, скажы, мужычок!.. – Зб. тв., I., 281). «Каб ссуду даць табе, няма ў мяне падставы, Бо пад якія іпатэкі ці заставы павінен я ўслужыць? Вось залатыя рэчы Ці серабро прыму ахвотна, чалавеча, I невялікія вазьму працэнты – Ад сотні толькі трыццаць» (В. Дунін-Марцінкевіч. Літаратарскія клопаты – Тв., 262). Застаронак м. Агароджанае месца для складвання збожжа. Адпёр [Янка] свой свіронак, I на торг з усімі, Што меў застаронак, У мех усё вымеў (Я. Купала. Нядзеля – Зб. тв., V, 222). Застаронне н. (разм.). Тое, што застаронак. Багата мы з табою маем гоняў, Ўпару абсеяць, зжаці толькі б іх, Ды ў добры час злажыць у застаронне Сям'ю снапкоў паспелых, залатых (Я. Купала. Яна і я – Зб. тв., V, 123). Засценак і засьценак м. На Беларусі ў XVI–XX стст. – хутар або невялікае паселішча дробнай шляхты, якая арандавала гэтыя землі. Не ведаю чаму, але стачынцы называлі сваю вёску засценкам. Можа таму, што ўсе яны былі з шляхты: розныя Стачынскія, Мысліцкія, Бранавіцкія і іншыя бедакі з радавітымі прозвішчамі (А. Чарнышэвіч – ТСБМ, II, 394). Кацярына, старэйшая Юзікава сястра, яшчэ перад вайною зайшла замуж далёка ад Мядзведзіч, у засценак Воўчы Хвост (К. Крапіва. Мядзведзічы – Зб. тв., IV, 251). I ў засценку шляхоцкім, што з вёскаю блізкай Тую ж долю-нядолю гадуе [песня] (Я. Купала. Лірнік вясковы – Зб. тв., III, 117). Ідзе Міхал, прад ім сяліба, Засценак добра так знаёмы, I хоць няважныя харомы Тут гэта шляхта збудавала, Але жыве і гора мала! (Я. Колас – ТСБМ, II, 394). Гарэлі вёскі і засценкі (У. Ліпскі. Невядомы: Аповесць пра Ігната Грынявіцкага – Н, 50). Жыў у нас на засьценку чалавек (М. Цэлеш. У імя догмы – ХБ, 22). Засцянковец і засьцянковец м. Жыхар засценка. Мазавецкі стаяў у натоўпе навакольных засцянкоўцаў ля касцёла і чакаў імшы (К. Чорны – ТСБМ, II, 394). Засьцянкоўцы таксама расьлі ад радасьці (В. Ластоўскі. Мост у Кутох – Тв., 39). Засцянковы, прым. Які мае адносіны да засценка. Бацька мой [Купалы] родам з Ігуменшчыны, паходзіць з дробнай засцянковай шляхты (Я. Купала. Да Я. Ф. Карскага – Зб. тв., VII, 473). Затым, прысл. 1. Таму, па той (гэтай) прычыне. У кожнай муж быў, так сказаць, вяльможа, затым пра хлеб іх клопат не трывожыў (У. Дубоўка –ТСБМ, II, 402). / у складзе злучніка прычыны «затым што». Андрэй безнадзейна махнуў рукой і.. пайшоў з хаты. Зеленюка гэта бадай што ўзрадавала. Не толькі затым, што хацеў пабыць самнасам з Таццянай, а і наогул была ў іх з Андрэем нейкая беспрычынная халаднаватасць (М. Зарэцкі – ТСБМ, II, 402).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
77 👁
◀ / 658 ▶