Старонка 188
◀ / 658 ▶
сказала: глядзі, хлопчык, калі яшчэ раз убачу – будзе до-о-брая лазня. Так адхрышчу, што дзесятаму закажаш (А. Кудравец. На зялёнай дарозе – ЭСФ, 118). Закарбаваць [польск.] зак. Зазначыць, паставіць рыску. [Ціт]: А вось я чэраз зіму падгадую цялушку, а там прадам і табе заплачу ўсё, што накарбаваў белым па чорным. Давай сюды белае, я закарбую (В. Дунін-Марцінкевіч. Ідылія – Тв., 22). Законнік [ст.-бел. законникъ, зоконникъ – 1. Свяшчэннаслужыцель, манах. 2. Знаўца закону – рэлігійнага вучэння; і інш.] м. Манах. – Ты ж хваліўся, што ў законнікі хочаш падацца (Л. Дайнека. Жалезныя жалуды – ЖЖ, 256). Мінулі касцёл св. Ксаверыя, дзе спачываюць астанкі законнікаў і абывацеляў гэтага краю (Ян Баршчэўскі. Апавяданне шостае. Плачка – Выбр. тв., 170). Законніца [ст.-бел. законница – 1. Манашка. 2. Адзенне, якое надзявае свяшчэннік пры набажэнстве] ж. Манахіня. Псіха, законніца (Я. Купала. Эрос і Псіха – Зб. тв., VII, 110). Закуп [ст.-бел. закупъ – 1. Чалавек, якога аддалі або які наняўся на службу за пазыку. 2. Служба за пазыку. 3. Арэнда маёмасці, часовае карыстанне за пазыку] м. Чалавек, які браў у феадала пазыку і павінен быў яе адрабляць. – Гэта закуп баярына Ануфрыя, які ўцёк перад калядамі! Я пазнаў закупа! (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКГ, 556). – Вяжыце баярскага закупа! (там жа). Закураны, дзеепрым. да курны. Быццам і не было людзей, ні закуранай нізкай будыніны на беразе (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 9). Закутнік м. Тое, што кутнік. [Сымон]: ..не злажу сваіх рук, як да малітвы, і не пайду к ім [панам] прасіцца ў закутнікі! (Я. Купала. Раскіданае гняздо – Зб. тв., VI, 317). Закуты, дзеепрым. у значэнні наз., м. Закаваны. «Вы не крычыце на мяне, – зусім не па-мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. – Нада мною зямнога суда няма» (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 7). Залатаардынец м. Асоба, якая належала да Залатой Арды. ..маскавіты трымаюцца залатаардынцаў, цікуюць адзін за адным, хто з іх найболей спадабаецца ханам ды мурзам, атрымае ярлык на княжанне (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 586). Залатавік м. Залатая манета; талер. Усю дарогу пасля бурчэў Астафій Канстанцінавіч, нагадваючы пра марна растрачаныя залатавікі (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 260). Залатар м. 1. Майстар па вырабе розных рэчаў з золата; ювелір. З граматы 1499 г. нам вядома, што ў гэты час сярод рамеснікаў Мінска
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
73 👁
◀ / 658 ▶