Старонка 168
◀ / 658 ▶
скімі функцыямі, які загадваў аховай палаца. «Дзіўныя стварэнні людзі, – думала дзяўчына, калі ён [Нікіфар] знаёміў яе з прысутнымі – багатым купцом Гермагена.., друнгарыем віглы Васілём, а таксама заканадаўцам Міхаілам. – Коміт абураецца, калі я звяртаюся да яго як рабыня, але з задавальненнем прымае рабскія знакі пашаны (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 200–201). Другангарый флота – камандзір імператарскага флоту. Дрыгавіцкі, прым. Які мае адносіны да дрыгавічоў. Злучаць свае палкі Яраполк і Рагвалод, ды Рагвалодаў брат Тур прывядзе дружыны з дрыгавіцкіх земляў – пыл застанецца ад Уладзіміра (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 19). Дрыгавічы мн. Старажытнае ўсходнеславянскае племя, якое жыло ў VIII–IX стст. паміж Заходнім Бугам і Дняпром, Прыпяццю і Заходняй Дзвіной. Мелася і трэцяя магчымасць – ісці на дняпроўскія волакі, сустрэць Яраполка, дачакацца Тура з дрыгавічамі (К. Тарасаў. Тры жыцці княгіні Рагнеды – ТЖ, 26). [Міхаіл:] – Хіба няма сярод вашых багоў той, якая валодае наймагутнейшым у свеце – прыгажосцю? Перад якой час ад часу схіляюцца нават самыя моцныя? [Жывена:] – У нас? Ёсць. У славян – дрыгавічоў і крывічоў – Лада і яе дзеці Лель і Палель (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 235). [Альгерд:] – А вы хіба не немцы? [Мужчына:] – Не, мы абодва славяне. Ён [хлопчык] крывіч, а я з дрыгавічоў (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 568). – Вам, напэўна, ведама, што крывічы й дрыгавічы былі найлепшымі калёнізатарамі, гаспадарамі, будаўнікамі, умелі ладзіць з суседзямі й пашырылі сваю ўладу далёка за межы сучаснай Беларускай рэспублікі ўва ўсіх напрамках... (М. Цэлеш. Партыйны таварыш – ХБ, 75). Дрыгант і дрыкгант [ст.-бел. дрикганть, дриганть, дриканть, дрыганть, дрыкганть] м. Пародзісты конь, жарабец у XVI ст. За ім паганяў пародзістага дрыганта з атласнай чорнай поўсцю і белымі панчохамі на пярэдніх нагах – малады князь Юрый Алелькевіч (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 38). Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачамі, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай, машыстай інахаддзю і падчас намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень (У. Караткевіч. Дзікае паляванне караля Стаха – ЗБК, 349). Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў (там жа, 361). Дрыўляны, прым. Драўляны. Па кроках, па гутарках, якія чуваць праз ценкія дрыўляныя сцены маёй кватэры, пазнаю большасць маіх суседзяў і суседак з прадмесця (З. Бядуля. Салавей – Выбр. тв., 22).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
74 👁
◀ / 658 ▶