Старонка 165
◀ / 658 ▶
Дзяцінец і дзядзінец м. Цэнтральная ўмацаваная частка горада ў Старажытнай Русі; крэмль. Копысь – гэта «драўляны горад Мсціслаўскага ваяводства, абнесены сцяной з вежамі і ўмацаваны драўляным дзяцінцам, размешчаным пасярэдзіне высокага ўзгорка» («Полымя» – ТСБМ, II, 183). Так Апфія перайшла жыць у княжы драўляны замак, дзе раней жыла сям'я Ізяслава, якая цяпер пераехала ў новы мураваны дом ля дзяцінца (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 39). Гэта не тое, што мірныя дні, калі ўладары адседжваюцца ў сваіх замках альбо абнесеных моцнай агароджай дзяцінцах, адкуль іх не выманіць (там жа, 282). Гарадскі радца даклаў, што на смердаў накладзена новае дзякло – на меру жыта болей, чым летась, каб можна было хутчэй завяршыць заходнюю сцяну дзяцінца (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 533). Галоўнай часткай [старажытнага горада] быў умацаваны цэнтр, так званы дзядзінец. Звычайна ён размяшчаўся на ўзвышаным месцы (Г. Штыхаў – ТСБМ, II, 178). Дзяцьвішча зб. Дзеці. – Адзін раз, у сьвяты вечар, к нам у нашу хату прыйшлі і хлопцы й дзеўкі, і старые, і дзяцьвішча – гуляць (М. Гарэцкі. У чым яго крыўда? – Р, 123). Длань [ст.-бел. длань] ж. (высок.). Далонь. // перан. Начальства заўсёды мела рацыю. А калі падначаленым і не вельмі салодка пад ягонай грознаю дланню – тым горш для падначаленых (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, I, 278). Доба [польск.] ж. Суткі. Ці я калі адлучыўся з дому хоць на адну добу? (М. Цэлеш. Дзікі вецер – ХБ, 55). Дожа м. Кіраўнік дзяржавы ў колішніх італьянскіх рэспубліках Венецыі і Генуі. Бачыў я на plat fond у зале «Трохсот» у палацы дожаў сцэну: цэсар прымушан пасці ў ногі папежу [Папе Рымскаму] (А. Абуховіч. Мемуары – Зан., 521). Драб [ст.-бел. драбъ – пешы воін; польск. drab, чэш. dráb < с.-в.-н. drab] м. Паліцэйскі. Судзіцца аб лісёнка, зваць дзесяцка драба (В. Дунін-Марцінкевіч. Пан Тадэвуш – Тв., 465). Драгун [ст.-бел. дракгунъ, драгунъ, драганъ, драгонъ, дракгонъ] м. Кавалерыст у большасці еўрапейскіх армій XVII–XIX стст. (у тым ліку і ў складзе войска Вялікага княства Літоўскага), здольны весці бой і ў пешым страі. Услед за сотнікам скакалі каралеўскія драгуны (В. Чаропка. Храм без Бога – Хр., 107). Драмона ж. Баявы карабель. ..моцныя якары ледзь утрымліваюць на месцы цяжкія гружаныя лодзіі – кумварыі, цяжкія баявыя караблі – драмоны, усіі, памфілы (В. Іпатава. Залатая жрыца Ашвінаў – АД, 208). З гавані Феадосія, найбліжэйшай да гэтай брамы, пачалі страляць грэчаскім агнём два галеоны, да іх далучыліся драмоны, што стаялі ў гавані Юліяна (там жа, 226).
Нават дробная праўка будзе карыснай. Не стаўце знакі націску, каб словы лепш знаходзілася праз пошук.
89 👁
◀ / 658 ▶