Паншчынная павіннасць. Прыйдзе восень, зарой да дзякла ганяюць, Грыбы, яйца, куры толькі адбіраюць (Гутарка Данілы са Сцяпанам – Зан., 126).
Дзянніца [ст.-бел. денница – 1. Ранішняя зорка, сімвал духоўнага азарэння. 2. Старшы анёл, святланосец] ж., (паэт.). Ранняя зара. [Няўзіра]:– Ясным дзянніцам, цёмным начніцам, Кветкам і смоўжам Песню мы зложым (Я. Купала. Урывак з драматычнай паэмы – Зб. тв., VI, 166). Прывет я шлю прыродзе, людзям І громам шумных навальніц, Усмешкам радасным дзянніц... Няхай жа ясным шлях наш будзе (Я. Колас. Рыбакова хата – Зб. тв. у 12 т., VIII, 166). / (уласн.). Калі заспяваў першы певень, будзячы зорку Дзянніцу, паваліліся ўсе спаць на саламяныя сеннікі, а княжыч – на пярыну (В. Іпатава. Альгердава дзіда – АД, 503).
Дзяншчык м. Салдат у царскай арміі, прыстаўлены да афіцэра ў якасці слугі. Падцягнуты дзяншчык выскачыў з сянец хаты і спрытна паднёс пану афіцэру фотаапарат (М. Лынькоў – ТСБМ, II, 181). [Дзядзька:] – Сорамна-с. «Азарство адно», як мой дзяншчык казаў (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім – КС, II, 245).
Дзяржаўца м. 1. Эканом гаспадарскага велікакняжацкага двара. Калі ж дайшла чарга да Мікаша, дзяржаўца разам з войтам сталі тлумачыць княжацкаму рэвізору, што гэтаму, згодна з Наказам і Уставай, давалі ільготу (В. Іпатава. Гайна і Мікаш – MX, 329).
2. Арандатар. Ну і распавёў, як насіў тую супліку на дзяржаўцаў Валкавіцкіх (У. Арлоў. Міласць князя Гераніма – МКГ, 188).
Дзясніца [ст.-бел. десница – 1. Правая рука. 2. Правы бок. 3. Аб сімвале ўлады, магутнасці] ж. Правая рука. ..з'явіўся на Краснай плошчы Міхаіл архангел. Сам у чырвоным, у левай руцэ піка са сцягам, доўгая, у правай – драўляная шабля, бо ляўшун, шуйцай дзейнічае, а дзясніца – так сабе (У. Караткевіч. Зброя – ЧЗ, 307). Вялікі князь паклаў дзясніцу на срэбную рукаяць мяча, хуткімі крокамі пыдышоў да акна, глянуў зверху ўніз (Л. Дайнека. След ваўкалака – МКВ, 517). // перан. Куды ж Вячку, гэтаму маладому князю-жарэбчыку, які запёрся ў Кукейносе з полацкай дружынай і латгальскімі старэйшынамі, узнімаць дзясніцу на тэўтонаў? (Л. Дайнека. Меч князя Вячкі – МКВ, 12). О божа! бясконцы дабра крыніцы, Калі твой люд, што цябе абражае, Заместа кары з тваёй дзясніцы Такое багацце мае (В. Дунін-Марцінкевіч. Вясна! – Тв., 410).
◊ Узняць караючую дзясніцу (кніжн.) – падрыхтавацца да адбіцця нападу. [Поп:] – Нямецкае войска збіраецца на нашай граніцы, і кожны міг агонь вайны гатоў закінуцца і ў нашу дзяржаву. Высока ж узніміце караючую дзясніцу (Я. Колас. Вайна вайне – Зб. тв. у 12 т., X, 119).
83 👁